г.п. Краснополле
і Краснопольскі раён

Mg12 KrasnopoleG
Mg12 KrasnopoleF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 3 студзеня 2005 г., № 1 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 6 студзеня 2005 года № Б-39 і № 40.

Герб: Іспанскі шчыт мае падножжа чырвонага колеру. Верхняя частка шчыта скошана полымяпадобным дзяленнем: правая – зялёнага колеру з выявай залатога збана, левая – залатая.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2. Верхняя частка скошана полымяпадобным дзяленнем. У дрэўкавай частцы зялёнаго колеру выява жоўтага збана, левая частка – таксама жоўтага колеру. Ніжняя чырвоная паласа складае 1/4 шырыні палотнішча.

Краснаполле вядома з 1784 г. як мястэчка Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні. Сваю назву пасёлак атрымаў ад суседняга маёнтка Краснаполле. У XIX ст. належаў графам Бенкендорфам.

Пры стварэнні герба і флага за аснову ўзяты класічныя каноны, а менавіта –размяшчэнне ў гербавым полі непераходзячых сімвалаў. Гэта зямное багацце – чырвоная гліна, лясы і традыцыйны занятак жыхароў – ганчарства. Пры гэтым верхняя частка мае складанае, полымяпадобнае дзяленне. Правы бок герба, яго колер і абрыс, зялёнага колеру, адлюстроўвае багацце лясоў. Зялёная эмаль азначае надзею, багацце, свабоду. Правілы геральдыкі патрабуюць накладання металу на эмаль і наадварот, таму ў правым баку герба змешчаны «металічны» залаты збан. Яго форма і выява мае канкрэтны прататып – ідэнтычны керамічны выраб быў знойдзены ў гэтым рэгіёне археолагамі.

Левы бок герба – таго ж металу, што і збан. «Залаты» колер у сімволіцы азначае багацце, сілу, вернасць, чысціню, сталасць. У Краснапольскім гербе гэта яшчэ, як кажуць у народзе, і залатыя рукі майстроў, якія на працягу стагоддзяў выраблялі свае непаўторныя вырабы. Ніжняя частка поля – падножжа чырвонага колеру, якое робіць герб «гаворачым», паколькі перадае назву населенага пункта і раёна. Чырвоны колер сімвалізуе адвагу, мужнасць, бясстрашнасць.

Герб, флаг і палажэнні аб іх адобраны рашэннем Краснапольскага раённага Савета дэпутатаў ад 12 верасня 2002 г. № 12-8.

Аўтар і мастак герба М.М. Елінская.