г.п. Дрыбін

Дрыбінскі раён

Mg07 DrybinG
Mg07 DrybinF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 3 студзеня 2005 г., № 1 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 6 студзеня 2005 года № Б-37 і № 38.

Герб: У чырвоным сценападобным з чорнымі швамі іспанскім шчыце срэбная падкова, на вяршыні якой залаты кавалерскі крыж, яшчэ два, таго ж металу, умацаваны на абодвух яе шыпах

Флаг: Прамавугольнае палотнішча чырвонага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога – апраўлены белай аблямоўкай герб гарадскога пасёлка Дрыбін.

Дрыбін вядомы з XVI ст., як населены пункт Мсціслаўскага ваяводства. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. мястэчка ўвайшло ў склад Расійскай імперыі. З 1784 па 1864 гг. Дрыбін належаў Цеханавецкім, з 1877 знаходзіўся ў валоданні Урангеля фон Гюбенталя.

У сучаснай гарадской геральдыцы Беларусі даволі часта выкарыстоўваюцца шляхецкія гербы. У Цеханавецкіх, былых уладальнікаў пасёлка Дрыбін, быў радавы герб «Дамброва», апісаны, у прыватнасці, А.Б. Лакіерам: «У блакітным полі срэбная падкова, павернутая адтулінай ўніз. На перадку яе залаты крыж. Такія ж залатыя крыжы выходзяць з вуглоў, якія ўтвараюцца шыпамі падковы. У кляйноце крыло каршуна, прабітае стралой налева».

Асноўная геральдычная фігура – срэбная падкова і залатыя крыжы зверху і па баках ад яе – захавана ў гербе Дрыбіна. Але поўнае паўтарэнне прыватнаўласніцкага герба ў сучаснай гарадской эмблеме супярэчыць правілам тэрытарыяльнай геральдыкі. Неабходна было ўнесці змены ў гарадскі сімвал для таго, каб падкрэсліць яго непаўторнасць. Для дасягнення гэтай мэты быў зменены блакітны колер шчыта. Замест яго герб «Дамброва» размяшчаны ў так званым чырвоным ссценападобным полі з чорнымі швамі. Поле шчыта ў выніку ўяўляе спалучэнне другарадных геральдычных фігур, званых брускамі. Яны візуальна складаюць сцяну з чырвонай цэглы, якая ў сімвалічнай форме перадае горад, яго тэрыторыю.

Флаг Дрыбіна сканструяваны накладаннем гербавай эмблемы, апраўленай белай аблямоўкай, на палотнішчы таго ж колеру

Герб і флаг і палажэнні аб іх адобраны рашэннем Дрыбінскага раённага Савета дэпутатаў ад 13 верасня 2002 г. № 15/07.

Мастак А.У. Леўчык.