г. Шклоў

Шклоўскі раён

Mg22 ShklovG
Mg22 ShklovF

Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 26 ліпеня 2002 г. № 93.

Герб: У блакітным полі барочнага шчыта натуральнага колеру рука, якая трымае срэбны бязмен.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога – апраўлены белай аблямоўкай герб горада Шклова.

Шклоў паўстаў на месцы вёсак Стары Шклоў і Хоцімка, размешчаных на правым беразе Дняпра, і быў перанесены на цяперашняе месца ў канцы XVI ст. У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца пад 1520 г. Шклоў належаў князям Гаштольдам, з сярэдзіны XVI ст. – Хадкевічам. З другой паловы XVI ст. горад з’яўляўся цэнтрам Шклоўскага графства. У розныя часы горадам валодалі прадстаўнікі многіх славутых родаў.

У сярэдзіне XVI ст. Шклоў быў вядомым гандлёвым цэнтрам. Магдэбургскае права было нададзена гораду ў 70-х гадах XVII ст., калі ён належаў графу Хадкевічу. Эканоміка тут у гэты час квітнела. Шклоў займаў сёмае месца па памерах і колькасці жыхароў пасля Вільні, Магілёва, Брэста, Слуцка, Мінска і Полацка. Галоўны прыбытак горада складаў так званы «правіянцкі» збор, гэта значыць збор з усіх тавараў, якія ўвозяцца і вывозяцца па ўстаноўленай таксе. Бойкі гандаль дазваляў Шклову быць эканамічным цэнтрам амаль усяго краю.

10 красавіка 1762 г., калі Шкловам валодаў князь Чартарыйскі, Аўгуст III надаў гораду магдэбургскае права, гарадскую пячатку і герб з выявай рукі, якая трымае бязмен.

У канцы XVIII ст. графам С.Г. Зорычам у горадзе быў заснаваны цэлы шэраг прамысловых прадпрыемстваў. Шклоўскія мануфактуры абслугоўвалі не толькі патрэбы вотчыннага двара, але і выраблялі тавары на продаж. У XIX ст. асаблівае месца ў горадзе займаў гандаль хлебам і соллю, гадавы абарот ад якога перавышаў 50 мільёнаў рублёў.

Такім чынам, у гербавай эмблеме горада, на якой размешчаны бязмен, досыць выразна адлюстроўваецца характар ​​асноўнай дзейнасці гараджан: бязмен з’яўляўся абавязковым атрыбутам пры вытворчасці тавараў, здзяйсненні гандлёвых аперацый. Разам з тым, у геральдыцы гэты сімвал з’яўляецца эмблемай справядлівасці, яго выкарыстоўваюць як атрыбут закона і правасуддзя. У сімволіцы гэты знак надзяляецца ўменнем спалучаць узнёслыя памкненні і дапытлівасць, і менавіта таму ён увасабляе інтэлект. Увогуле ж шалі сімвалізуюць раўнавагу паміж фізічным і псіхічным станам чалавека, а таксама прыгажосць і пачуццё гармоніі.

Герб, флаг і палажэнні аб іх былі зацверджаны рашэннямі Шклоўскага раённага выканаўчага камітэта ад 5 лютага 2002 г. № 2-10 і Шклоўскага раённага Савета дэпутатаў ад 22 лютага 2002 г. № 14-4.