г. Чавусы

Чавускі раён

Mg20 ChausyG
Mg20 ChausyF

Герб заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 студзеня 2005 г., № 1 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 6 студзеня 2005 года № Б-42. 

Флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 жніўня 2006 года № 526 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 29 жніўня 2006 года № Б-97.

Герб: У чырвоным полі французскага шчыта перакрыжаваныя срэбныя шпага і меч рукаяццямі ўніз, перавітыя залатым лаўровым вянком.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча чырвонага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога размешчаны перакрыжаваныя шпага і меч белага колеру, перавітыя жоўтым лаўровым вянком.

Чавусы, у якасці вёскі Чавусовічы,  вядомы па пісьмовых крыніцах з сярэдзіны XVI ст. З 1589 г. вёска знаходзілася ў складзе Магілёўскай эканоміі. З 1604 г. населены пункт набыў статус горада. У 1634 г. кароль Уладзіслаў IV, надаў Чавусам магдэбургскае права і герб з выявай Святога Марціна на кані і ўзброенага мячом. Гэты герб варта разглядаць у адным шэрагу падобных гарадскіх сімвалаў, якія адлюстроўваюць ідэі абароны і перамогі хрысціянскіх каштоўнасцяў.

У гады ваеннага ліхалецця горад неаднаразова трапляў у эпіцэнтр баявых дзеянняў: падчас вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй (1654–1667) Чавусы былі захоплены рускімі ваяводамі, а ў 1660 г. вызвалены войскамі Рэчы Паспалітай. У гады Паўночнай вайны (1700–1721) горад быў разбураны шведамі.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай Чавусы ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. У 1781 г. Кацярына II зацвердзіла новы герб павятовага горада Чавусы Магілёўскай губерні: «В верхней части щита, часть герба Могилевского: в золотом поле половина Российского герба. В нижней – в красном поле шпага, положенная крестообразно с мечем, соединенные лавровым венком, в память славной победы, одержанной над шведами, в окрестностях сего города, под Лесным».

Калі у 2001 г. паўстала пытанне аб выбары афіцыйнага геральдычнага сімвала горада, Чавускі раённы выканаўчы камітэт аддаў перавагу гістарычнаму гербу 1781 г., паколькі ён у большай ступені адпавядае менталітэту грамадзян. Флаг створаны на аснове гербавай выявы.

Герб горада і палажэнне аб iм зацверджаны рашэннямі Чавускага раённага выканаўчага камітэта ад 26 снежня 2001 г. № 22-40 і Чавускага раённага Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 16-16. Флаг – рашэннем раённага Савета дэпутатаў ад 6 ліпеня 2005 года № 15-2.

Аўтар і мастак флага В.А. Ляхор.