г. Слаўгарад
і Слаўгарадскі раён

Mg18 SlavgorodG
Mg18 SlavgorodF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь 3 студзеня 2005 г., № 1 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 6 студзеня 2005 года № Б-35 і № Б-36.

Герб: У блакітным полі іспанскага шчыта залатая капліца.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, на якім размешчаны тры гарызантальныя паласы: роўныя верхняя і ніжняя палосы блакітнага колеру, пасярэдзіне паласа жоўтага колеру, якая складае 1/4 шырыні палотнішча флага.

Асноўнай гербавай фігурай Слаўгарада і ўсяго Слаўгарадскага раёна стаў архітэктурны помнік у вёсцы Лясная, якая размешчана ў 14 км ад раённага цэнтра. Мемарыяльны комплекс, цэнтральным збудаваннем якога з’яўляецца капліца, узведзеная ў гонар перамогі рускіх войскаў над шведамі 28 верасня 1708 г. каля вёскі Лясная.

Архітэктурны комплекс быў узведзены ў 1908 г. (арх. А. Гаген) напярэдадні 200-годдзя перамогі рускіх войскаў над шведамі. Тут жа пастаўлены помнік (скульпт. А. Обэр) у гонар гэтай падзеі – гранітная скала, на вяршыні якой фігура арла, які топча шведскі сцяг са зламаным дрэўкам.

Блакітная эмаль шчыта ўвасабляе рэкі Проню і Сож, у месцы зліцця якіх паўстаў горад. У дадзеным гербе блакітны колер у сімвалічнай форме перадае яшчэ і рачныя гандлёвыя шляхі, якія адыгралі важную ролю ў эканамічным развіцці Слаўгарадскага раёна, а таксама, па канонах геральдыкі, веліч, прыгажосць і яснасць.

У тэрытарыяльнай геральдыцы Беларусі ёсць некалькі гарадскіх гербаў, у якіх адлюстраваны архітэктурныя помнікі і сярэднявечныя абарончыя збудаванні. Прыкладам могуць служыць гербы Мядзела Мінскай вобласці, Высокага, Каменца і Ляхавічаў Брэсцкай вобласці, Лоева Гомельскай вобласці, Глуска Магілёўскай вобласці. Аднак, у адрозненне ад названых, у гербе горада Слаўгарада і Слаўгарадскага раёна мемарыяльная капліца мае фатаграфічна дакладныя абрысы, таму яна лёгка пазнаецца не толькі жыхарамі раёна, але і аматарамі гісторыі Беларусі.

Герб і флаг былі прапанаваны раённай камісіяй па распрацоўцы гербавай сімволікі, на чале з М.С. Міроненка.

Герб, флаг горада і раёна і палажэнні аб іх зацверджаны рашэннем Слаўгарадскага раённага Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2001 г. № 14-10.