г. Магілёў

Mg15 MogilevG
Mg15 MogilevF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 03.01.05. № 1 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 6 студзеня 2005 года № Б-25 і № Б-26.

Герб: У блакітным полі барочнага шчыта на зялёным падножжы выява трох срэбных вежаў, у сярэдняй з якіх у адчыненай браме знаходзіцца срэбны рыцар у даспехах з паднятым над галавой мячом. Уверсе над брамай на ўсечаным па сваёй аснове круглым чырвоным шчыце пад дахам цэнтральнай вежы знаходзіцца срэбны ўзброены вершнік з мячом і шчытом.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча белага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога – выява герба горада Магілёва.

Па прывілею Стэфана Баторыя ад 28 студзеня 1577 г. Магілёву быў нададзены першы афіцыйны герб – у блакітным полі «вежа мурованая высоко выведеная». Другі герб горад атрымаў па грамаце караля Яна Казіміра 9 чэрвеня 1661 г. – «у блакітным полі тры срэбныя вежы, у адчыненай браме сярэдняй – рыцар, узброены мячом, уверсе над брамай, на круглым шчыце – узброены вершнік з мячом і шчытом». Пасля далучэння ўсходняй Беларусі да Расійскай імперыі выява ўзбройнага вершніка з узнятым мячом была заменена двухгаловым арлом. Але ў такім выглядзе герб праіснаваў нядоўга. 16 жніўня 1781 года быў «найвысока зацверджаны» магілёўскі губернскі герб – «в верхней части щита половина Российского герба в знак того, что сие Наместничество присоединено к Империи Российской. В нижней же – старый герб: всадник на коне, в красном поле». Аднак у Магілёўскім гарвыканкаме, грунтуючыся на рэзалюцыі, падпісанай вядомымі навукоўцамі, і самастойна праведзеных пошуках, палічылі больш абгрунтаваным аднавіць герб 1661 г.

Блакітны колер герба з’яўляецца сімвалам неба (узвышаных пачуццяў і думак), Дзевы Марыі, велічы, прыгажосці і яснасці. Зялёны колер ніжняй часткі шчыта ў еўрапейскай геральдыцы трактуецца як сімвал жыцця, абнаўлення, надзеі, дастатку і дабрабыту. У нацыянальнай усходнеславянскай геральдыцы зялёны колер таксама лічыўся сімвалам гонару і даверу.

Што датычыцца геральдычнага сімвала «тры вежы», то, паводле біблейскіх паданняў, «крэпасць» гэта сімвал Бога. Тры вежы крэпасці ў дадзеным выпадку ўвасабляюць сімвал Тройцы. Малюнак трох крапасных вежаў на гербе г. Магілёва спалучаецца і з рэальнай гісторыяй горада, звязанай з замкам князя Льва Данілавіча Галіцкага (Льва Могія – Магутнага), а таксама з легендай аб узнікненні горада на трох пагорках.

Сімвал адчыненай брамы крэпасці мае два тлумачэнні: біблейскае – сімвал райскай брамы, адчыненай для праведнікаў, і гістарычнае – Магілёў ніколі не быў «закрытым» горадам, яго жыхары заўсёды былі радыя гасцям. Сімвал рыцара ў адчыненай браме таксама мае два тлумачэнні: горад адкрыты для ўсіх добрых людзей, але мае надзейную абарону ад непрыяцеля. Узняты над галавой рыцара меч нагадвае аб незлічоных трагедыях, перажытых горадам, і аб неабходнасці заўсёды быць гатовым да абароны роднай зямлі.

Выява срэбранага ўзброенага конніка з мячом і шчытом на чырвоным круглым шчыце з’яўляецца гістарычнай выявай герба «Пагоня» – афіцыйнага герба Вялікага Княства Літоўскага, у склад якога ў час прыняцця герба ў ХVII стагоддзі ўваходзіў горад.

Герб і флаг абласнога цэнтра адобраны рашэннем Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 1 лiстапада 2001 г. № 16/09.