г. Клімавічы
і Клімавіцкі раён

Mg09 KlimovichiG
Mg09 KlimovichiF

Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 2 лiстапада 2001 г. № 70.

Герб: У блакітным полі французскага шчыта выява залатой пчалы.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у дрэўкавай частцы якога – апраўлены белай аблямоўкай герб горада Клімавічы i Клімавіцкага раёна.

У пісьмовых крыніцах Клімавічы ўпершыню згадваюцца з XIV ст. ў адным з дакументаў, звязаных са шляхецкім родам Асмалоўскіх. З пачатку XVII ст. горад уяўляў невялікі населены пункт у Мсціслаўскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. У 1626 г. тут быў заснаваў дамініканскі кляштар. З 1720 г. Клімавічы належалі Бялецкім, з 1758 г. – Галынскім. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай увайшлі ў склад Расійскай імперыі. З 1777 года горад Клімавічы стаў цэнтрам павета Магілёўскай губерні. Герб быў распрацаваны ў Расійскай Герольдыі і зацверджаны Кацярынай II 16 жніўня 1781 г. Ва ўказе імператрыцы даецца абгрунтаванне: «…в знак изобилия медом».

Варта адзначыць, што спецыялісты Геральдмайстарскай канторы даволі актыўна адлюстроўвалі на зноў ствараемых гербах розных прадстаўнікоў флоры і фаўны, у тым ліку, рыб і насякомых. Пры гэтым яны кіраваліся правілам ці, як казалі ў XVIII ст., «рэгулам геаграфічным», гэта значыць «чем город изобилует, что производит, какое в нем замечательное здание, укрепление и т.п.». У гербах, створаных для беларускіх гарадоў, прысутнічаюць выявы рысі (Беліца, 1781 г.), чорнага зайца (Копысь 1781 г.), трох рыбін з рыбацкай сеткай (Паставы 1796 г.).

Сімвал пчалы мае глыбокае і разнастайнае значэнне. Толькі нешматлікія жывёлы гуляюць у сімволіцы такую ж вялікую ролю, як гэта несекомае, якое ўтварае цэлыя супольнасці. У старажытнасці пчала шанавалася як на Усходзе, так і на Захадзе. У ачалавечаных параўнаннях пчолы паўстаюць храбрымі, цнатлівымі, руплівым, чыстымі.

Флаг створаны ў нашы дні шляхам размяшчэння гістарычнага герба ў палотнішчы блакітнага колеру. Гербавая эмблема не зліваецца з тканінай, паколькі яна мае аблямоўку белага колеру.

Герб і флаг горада і раёна і палажэнні аб іх былі зацверджаны рашэннямі Клімавіцкага раённага выканаўчага камітэта ад 28 лютага 2001 г. № 3-12 і раённага Савета дэпутатаў ад 2 сакавiка 2001 г. № 13/11.