г. Кіраўск
і Кіраўскі раён

Mg08 KirovskG
Mg08 KirovskF

Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 18 лютага 2002 г. № 83.

Герб: У блакітным полі іспанскага шчыта на зялёным падножжы залаты сноп злакавых, пераплецены вяроўкай срэбнага колеру.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з двух гарызантальных палос: верхняй блакітнага колеру і ніжняй – зялёнага, якія складаюць адпаведна 3/4 і 1/4 шырыні палотнішча, у цэнтры правага боку якога сноп злакавых жоўтага колеру, пераплецены белай вяроўкай.

Праекты герба горада Кіраўска і Кіраўскага раёна, выкананыя мясцовымі краязнаўцамі, настаўнікамі і навучэнцамі Кіраўскага раённага дома творчасці і вольнага часу навучэнцаў, былі накіраваны ў Камітэт па архівах і справаводству пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь з просьбай падрыхтаваць выяву гарадскога сімвала, якая адпавядала бы прынятым нормам і правілам геральдыкі. Аўтары праектаў у розных па сваёй мастацкай каштоўнасці эскізах адлюстравалі сюжэты, якія так ці інакш звязаны з прыроднымі асаблівасцямі і асноўнымі заняткамі жыхароў раёна.

Калектыўная творчасць дала штуршок і яснае ўяўленне пра тое, што жадае бачыць насельніцтва на сваіх геральдычных сімвалах.

Аб’яднальным сімвалам стаў сноп злакавых культур. Выява хлебных каласоў вядома з найстаражытных часоў. Прарослае зерне ўвасабляе перамогу жыцця над смерцю, змену пор года. Зерне, кінутае ў зямлю, падаецца памерлым, але вясной яно прачынаецца да новага жыцця і дае багаты ўраджай. У антычнасці каласы звязвалі з Дэметрай – багіняй урадлівасці і заступніцай земляробства, яе называлі «хлебнай маці». У сярэднявеччы і ў эпоху Рэнесансу на адзенні Маці Божай і на яе выявах, якія выкарыстоўваліся для набажэнстваў і пры пілігрымцы, даволі часта змяшчаліся хлебныя каласы. Яны становяцца сімвалам адраджэння, надзеі на пераадоленне цяжкасцяў і няшчасцяў. Каласы, звязаныя ў сноп, асацыююцца з завяршэннем шматдзённай ўпартай працы чалавека.

Флаг сканструяваны на аснове герба, шляхам «расцягвання» колераў гербавай эмблемы ўздоўж палотнішча і размяшчэннем асноўнай фігуры – снапа злакавых культур, пераплеценых белай вяроўкай у цэнтры права боку флага.

Герб і флаг горада і раёна і палажэнні аб іх зацверджаны рашэннем Кіраўскага раённага Савета дэпутатаў ад 28 снежня 20001 г. № 12-3.

Аўтар герба і флага і мастак М.М. Елінская.