г. Горкі
і Горацкі раён

Mg06 GorkiG
Mg06 GorkiF

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 20 чэрвеня 2001 г. № 63. 

Флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 жніўня 2006 года № 526 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 29 жніўня 2006 г. Б-93.

Герб: У залатым полі французскага шчыта тры горкі натуральнага колеру, з якіх вырастае па адным зялёным коласе.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча жоўтага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога – выява герба горада Горкі і Горацкага раёна.

Першы падзел Рэчы Паспалітай – важная гістарычная вяха ў існаванні г. Горкі і Горацкага раёна. Указам Урадаўнічага Сената ад 23 кастрычніка 1772 г. Магілёўская губерня падзялялася на чатыры правінцыі – Магілёўскую, Мсціслаўскую, Рагачоўскую і Аршанскую. Горкі і прылеглыя тэрыторыі ўвайшлі ў Аршанскую правінцыю, а з 1777 г. – у Аршанскі, а потым Капыскі паветы.

Новы этап у гісторыі гэтых зямель звязаны з адкрыццём у Горках ў 1840 г. земляробчай школы, якая ў 1848 г. была ператворана ў земляробчы інстытут. З гэтага часу Горкі сталі цэнтрам сельскагаспадарчай адукацыі ў Беларусі.

Адкрыццё сельскагаспадарчых устаноў спрыяла эканамічнаму развіццю Горак. Тут былі адкрыты паштовая станцыя (1840), аптэка (1840), метэастанцыя (1841), у 1859 г пачаў працаваць чыгуналіцейны завод.

26 снежня 1861 г. царскі ўрад прыняў рашэнне аб пераводзе казённага мястэчка Горкі ў статус павятовага горада і ўтварэнні Горацкага павета з частак Аршанскага, Магілёўскага і ліквідаванага Капыскага паветаў. Дзяржаўныя сяляне, якія жылі ў Горках, мелі права заставацца ў ранейшым саслоўі або перайсці ў разрад мяшчан. Пры гэтым іх землі адыходзілі Міністэрству дзяржаўных маёмасцяў. Для вядзення гарадской гаспадаркі і судовых спраў у Горках была заснавана гарадская дума. З Копысі былі пераведзены павятовы суд з дваранскай апекай, павятовае казначэйства, паштовая кантора, гарадская бальніца, інвалідная каманда, канцылярыя і іншыя ўстановы.

У жніўні 1867 г. было зацверджана палажэнне аб гербе горада Горкі: «…изобразить в сём гербе, как главную эмблему города Горки, три горы, средняя выше других, а чтобы указать на занятие земледелием жителей города –  вырастающие из гор колосья, в вольной части щита поместить герб Могилевской губернии. Щит украсить башней с тремя зубцами».

Герб горада і раёна i палажэнне аб iм зацверджаны рашэннем Горацкага раённага выканаўчага камітэта ад 29 мая 2001 г. № 6-5. Флаг і палажэнне аб iм адобраны рашэннем Горацкага раённага выканаўчага камітэта ад 30 чэрвеня 2005 года № 7-10.

Флаг створаны на аснове гербавай выявы. Мастак В.А.Ляхор.