Мінская вобласць

M01 MinskregionemG
M01 MinskregionemF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 лістапада 2007 № 595 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 3 кастрычніка 2007 г. № Б-124 і № Б-125.

Герб: У залатым полі французскага шчыта тры блакітныя хвалістыя паясы. У верхняй правай частцы шчыта – выява герба горада Мінска. Герб вянчае вялікая залатая карона з пяццю зубцамі, знізу яго атачаюць дзве залатыя дубовыя галіны, абвітыя і з’яднаныя блакітнай ордэнскай стужкай.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча чырвонага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога – выява герба Мінскай вобласці.

У аснову прапанаванага афіцыйнага геральдычнага сімвала вобласці пакладзены гістарычны герб Мінскай губерні, зацверджаны 5 ліпеня 1878 г. Герб уяўляе сабой выяву ў залатым полі французскага шчыта, якая сімвалізуе хлебныя нівы і мірную працу жыхароў краю, трох хвалістых паясоў блакітнага колеру, якія ўвасабляюць галоўныя водныя артэрыі рэгіёну: рэкі Бярэзіну, Нёман і Свіслач, што на працягу стагоддзяў садзейнічалі эканамічнаму развіццю рэгіёна і ўсебаковым сувязям з суседнімі дзяржавамі. У правай верхняй (найбольш ганаровай) частцы герба размешчаны герб Мінска –беларускай сталіцы, самага буйнога горада ў краіне, які з’яўляецца цэнтрам вобласці. Такім чынам, сучасны герб Мінскай вобласці ўяўляе сабой спалучэнне розначасовых сімвалаў, якія гістарычна належаць Міншчыне.

Поўны герб Мінскай вобласці як адзін з найбольш значных афіцыйных геральдычных сімвалаў Рэспублікі Беларусь складаецца, акрамя ўласна шчыта, з цэлага шэрагу геральдычных упрыгожванняў – кароны, дубовага вянка і ордэнскай стужкі.

Карона – элемент герба, размешчаны над шчытом, які служыць прыкметай улады і сваёй формай вызначае статус той ці іншай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Па форме верхняга геральдычнага ўпрыгожвання можна меркаваць пра значэнне вобласці ў дзяржаве. Для герба Мінскай вобласці выкарыстана найбольш ганаровая і прыгожая – вялікая залатая вежавая карона з пяццю зубцамі, абавязковы атрыбут абласных гербаў, пачынаючы з 1857 г. Дубовы вянок размешчаны ў такіх гербах па двух баках ад шчыта і складаецца з залатога лісця, галін і жалудоў. Ордэнская, так званая Андрэеўская, стужка блакітнага колеру звязвае вянок. Стужка такога колеру ўпрыгожвала герб Мінскай губерні з 1878 г.

Флаг з’яўляецца вексілалагічнай трансфармацыяй герба. Колер палотнішча абумоўлены гістарычна. Пасля адміністрацыйнай рэформы 1564–1566 гг. ваяводствы Вялікага Княства Літоўскага атрымалі з казны зацверджаныя харугвы. Сярод іншых была харугва Мінскага ваяводства, якая мела палотнішча чырвонага («гваздзікавага») колеру. Кіруючыся прынцыпамі гістарызму і пераемнасці, у сучасным флагу Мінскай вобласці прапанавана палотнішча найбольш набліжанае да гістарычнага – чырвонае.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 жніўня 2002 г. № 441 «Аб утварэні Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і некаторых мерах па ўдасканаленні парадка заснавання і дзяржаўнай рэгістрацыі ордэнаў, медалёў і афіцыйных геральдычных сімвалаў» члены Геральдычнага савета У.І. Адамушка, М.М. Елінская і В.А. Ляхор распрацавалі герб і флаг Мінскай вобласці. Іх праекты былі адобраны рашэннем Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ад 11 верасня 2007 г. № 1074.