г. Чэрвень
і Чэрвеньскі раён

M30 ChervenG
M30 ChervenF

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 18 красавiка 2001 г. № 59. 

Флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 снежня 2011 г. № 564 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 5 снежня 2011 г. № Б-213.

Герб: У блакітным полі французскага шчыта срэбны куст кветак, над якім пяць залатых пчол.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча белага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з трох гарызантальных палос: верхняй і ніжняй блакітнага колеру, якя складаюць 1/10 шырыні флага, і цэнтральнай – белага. У цэнтры правага боку палотнішча на белай паласе – выява герба горада Чэрвень і Чэрвеньскага раёна.

Горад Ігумен (цяпер Чэрвень) аднайменнага павета Мінскай губерні атрымаў герб па ўказе Кацярыны II 22 студзеня 1796 г. Праз дзвесце гадоў жыхары сучаснага Червеня правялі цэлы шэраг цікавых мерапрыемстваў, прысвечаных гістарычнаму гербу свайго горада. І гэта не выпадкова, паколькі асноўная працоўная дзейнасць людзей гэтага рэгіёна сёння, як і ў далёкім мінулым, звязана з пчоламі – асноўнымі геральдычнымі фігурамі ў тэрытарыяльным гербе.

У тлумачэнні да герба, нададзенага імператрыцай, маецца тлумачэнне: «Сей предмет [залатыя пчолы, «якія збіраюць і гатуюць мёд»] обитателей уезда, преимущественно пред другими упражняет и главной составляет их прибыток».

Гэта тлумачэнне адлюстроўвала рэальнае становішча. У гаспадарцы памешчыкаў і сялян Ігуменскага павета пчалярства было вельмі прыбытковай галіной вытворчасці. Па колькасці вулляў павет займаў у Мінскай губерні трэцяе месца пасля Бабруйскага і Мазырскага.

Сёння шматвекавая традыцыя жыхароў краю працягваецца. Дастаткова сказаць, што ў Смілавіцкім сельскагаспадарчым і Беларускім завочным сельскагаспадарчым тэхнікумах рыхтуюць пчаляроў-прафесіяналаў. Многія жыхары і гаспадаркі раёна спецыялізуюцца на развядзенні пчол. Тут склалася асаблівае стаўленне да гэтых насякомых.

У геральдыцы пчала трактуецца як сімвал працавітасці, стараннасці і вынослівасці. Для сучасных жыхароў чэрвеньскай зямлі пчала – сімвал чыстага паветра, здаровага ладу жыцця, любові да прыроды.

Герб горада і раёна i палажэнне аб iм зацверджаны рашэннем Чэрвеньскага раённага выканаўчага камітэта ад 25 лютага 1999 г. № 2, флаг – рашэннем ад 5 сакавіка 2009 г. № 94.

Аўтар флага М.М. Елінская, мастак В.А. Ляхор.