г. Фаніпаль

Дзяржынскі раён

M29 FanipolG

Герб заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 лістапада 2006 года № 691 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 22 лістапада 2006 года № Б-103.

Герб: Іспанскі шчыт, у срэбным полі якога размешчана перакуленае вастрыё зялёнага колеру з выявай залатога яблыка ў цэнтры.

Упершыню Фаніпаль згадваецца ў дакументах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі пад 1856 г. як былое ўладанне памешчыкаў Энельфельдта і Багдашэўскага. У 1870 г. у мястэчку былі адкрыты чыгуначны прыпыначны пункт, будаўніцтва якога фінансаваў Карл Эмерыкавіч Гутэн-Чапскі, а ў 1871 г. – станцыя Чэчын, пазней перайменаваная ў «Токараўскую» у гонар губернатара Мінскай губерні У.М. Токарава – заснавальніка чыгункі Брэст – Масква. З 1876 г. мястэчка стала называцца Фаніпаль. Горад размешчаны ў 18 км. на паўднёвы захад ад г. Мінска па чыгуначнай і аўтамабільнай магістралям Брэст – Масква на водападзеле рэк Пціч і Нёман.

Адсюль – дзяленне шчыта: дзве дарогі, якія праходзяць праз горад. Галоўная гербавая фігура – залаты яблык. Гэты сімвал мае вялікае значэнне для жыхароў горада. Існуе легенда, у якой распавядаецца пра злога пана і яго дачок – Фаню і Полю, імёнамі якіх быццам бы і назвалі пасёлак. У цяперашні час месца для будаўніцтва новых дамоў было абрана ў былым панскім садзе, у якім і дагэтуль растуць яблыні, нібыта пасаджаныя пры былых уладальніках.

Акрамя канкрэтнага значэння, якое ўкладзена ў герб з дапамогай выявы залатога яблыка, у сімволіцы гэты плод мае шматпланавы сэнс і разглядаецца больш абстрактна. Яблык ўвасабляе каханне, шлюб, вясну, маладосць, урадлівасць, неўміручасць, у хрысціянскай традыцыі ён звязаны са спакусай, падзеннем чалавека і яго выратаваннем. Гэта сімвал духоўнай любові, цэласнасці, здароўя і жыццёвых сіл.

Герб горада адобраны рашэннем Фаніпальскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 30 верасня 2003 г. № 16.

Аўтары герба І.І. Дзяніс і М.М. Елінская, мастак В.А. Ляхор.