г. Смалявічы

Смалявіцкі раён

M25 SmolevichiG
M25 SmolevichiF

Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 28 мая 1998 г. № 14.

Герб: Варажскі шчыт рассечаны «ў слуп»: у правым чырвоным полі срэбны знак Судзімонта Даргевіча, у левым, блакітным – залатая бочка з чорнай смалой

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з двух роўнавялікіх гарызантальных палос: верхняй – блакітнай, ніжняй – чырвонай. У цэнтры правага боку палотнішча – апраўлены белай аблямоўкай герб горада Смалявічы.

Першая згадка пра Смалявічы змяшчаецца ў грамаце падчашага Вялікага Княства Літоўскага Аляхно Судзімонтавіча, датаванай 1448 г. Яго бацька Судзімонт Даргевіч займаў у дзяржаве вельмі высокую пасаду і на дакуменце 1434 г. захавалася пячатка са знакам, які размешчаны на сучасным гербе Смалявічаў. Аналагі гэтага знака ў беларускай радавой геральдыцы не вядомы. Па сваёй канфігурацыі ён нагадвае кляймо, якое ўжывалася ў старажытнасці пры межаванні зямель, клеймаванні дрэў у бортнікаў. Такія знакі былі своеасаблівымі сямейнымі гербамі, якімі пазначалі асабістыя рэчы і прылады працы, якія належалі таму ці іншаму гаспадару. У XV–XVII стст. іх выкарыстоўвалі замест подпісаў на службовых паперах старасты, абраныя кіраўнікамі сялянскіх абшчын, у той час, як прадстаўнікі прывілеяванага саслоўя валодалі радавымі гербамі, якія мелі ўласныя назвы.

У аснове фігуры на смалявіцкім гербе – кампазіцыя са злучаных розных па велічыні трохвугольнікаў, крыжа і дужкі. Калі параўнаць такога кшталту знакі, знойдзеныя на тэрыторыі Беларусі, з рунічными пісьмёнамі, можна выявіць некаторае падабенства паміж імі. Так, адзін са знакаў рунічнага пісьма «футарка» Odal сімвалізуе радзіму, родны дом, аўтаномію. У некаторых крыніцах гэта руна сімвалізуе прыроджаныя якасці, якія вызначаюць характар. Старанарвежскае слова «одал» азначае «права ўласнасці». І не толькі матэрыяльнае, але і духоўнае. Нашы прыроджаныя якасці набываюцца ад духоўных продкаў, т.б. з мінулых жыццяў. Гэтыя таленты і здольнасці, захаваныя ў душы і ўнутрана уласцівыя нашаму «я», належаць нам па праву.

На жаль, семантычнае тлумачэнне знака Судзімонта Даргевіча, які складаецца з вельмі падобнага на рунічны знак сімвала, увянчанага роўнаканцовым крыжам і які мае справа фігуру у выглядзе месяца рагамі дагары, пакуль застаецца дыскусійным.

У левай частцы гарадскога герба размешчана бочка, якая сімвалізуе некалі шырока распаўсюджаны ў гэтых краях смаляны промысел. Часткова залатая бочка са смалой робіць герб «гаворачым», бо адлюстроўвае назву горада. Разам з тым, В.А. Жучкевіч тлумачыць паходжанне назвы горада прозвішчам Смалевіч.

Герб і палажэнне аб ім былі зацверджаны рашэннем Смалявіцкага раённага выканаўчага камітэта ад 26 мая 1998 г. № 7, флаг – рашэннем ад 5 верасьня 2000 г. № 7/257.

Аўтар герба В.Л. Насевіч, аўтар флага С.Я. Рассадзін, мастак А.У. Леўчык.