г. Слуцк
і Слуцкі раён

M23 SlutskG
M23 SlutskF

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 24 студзеня 2001 г. № 47. 

Флаг горада Слуцка і Слуцкага раёна заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18.11.2008 № 625 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 01.12.2010, Б-176.

Герб: У блакітным полі барочнага шчыта на зялёным ўвагнутым падножжы срэбны пегас; на чырвонай гуньцы – залатая княжацкая карона, пад якой манаграма «RD».

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з дзвюх гарызантальных палос: верхняй – блакітнага колеру, ніжняй – зялёнага. Ніжняя паласа складае 1/5 шырыні флага. У цэнтры правага боку палотнішча – пегас белага колеру, на чырвонай гуньцы – жоўтая княжацкая карона, на якой манаграма «RD».

Слуцк, адзін з гарадоў Тураўскай зямлі, згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1116 г. З 1160 г. – цэнтр удзельнага княства. З першай трэці XIV ст. Слуцк увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага. Горад на працягу некалькіх стагоддзяў паслядоўна знаходзіўся ў валоданні багатых тытулаваных родаў Беларусі: князёў Алелькавічаў, Радзівілаў, Вітгенштэйнаў.

У 1441 г. Слуцк атрымаў права на гарадское самакіраванне, а 27 жніўня 1652 г. кароль Ян Казімір пацвердзіў магдэбургскае права і надаў гораду герб «Пагоньчык». Прафесар А.П. Грыцкевіч у адной са сваіх прац прыводзіць апісанне герба: «Надаём… городу герб даўні Княства Слуцкага, менавіта вершніка ў полі чырвоным у панцыры на белым кані, звычайна названага Пагоньчык, які трымае меч дабыты…».  Даследчык А.К. Цітоў у сваіх кнігах прыводзіць адбіткі пячатак Слуцка, гарадскога суда Слуцкага княства, што датуюцца XVII–XVIII стст., на якіх размешчаны выявы як крылатага каня, так і ўзброенага вершніка.

22 студзеня 1796 г. павятовы горад Слуцк Мінскай губерні атрымаў двухчасткавы герб, у верхняй частцы якога «герб Минский, в нижней, в красном поле – скачущий всадник, одетый в панцырь, прикрывающийся щитом и держащий в правой руке меч на размах».

На цяперашнім гербе Слуцка размешчаны Пегас – жывёла-сімвал натхнёнай паэтычнай творчасці. Ён з’яўляўся адным з персанажаў старажытнагрэчаскай міфалогіі, а ў новы час разглядаўся як істота, якае аб’ядноўвае жыццёвую сілу каня і свабодны палёт птушкі. У Пегаса на гербе Слуцка прысутнічае ўнікальны атрыбут – гунька чырвонага сукна з залатой манаграмай «RD» пад княжацкай каронай, што азначае «Radivil Dux» – «князь Радзівіл», імя, якое непарыўна звязана са слаўнай гісторыяй старажытнага горада Слуцка.

Герб горада зацверджаны рашэннем Слуцкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 18 чэрвеня 1996 г., палажэнне аб iм – Слуцкім гарадскім выканаўчым камітэтам ад 11 студзеня 2001 г. № 1. Флаг і палажэнне аб iм адобраны рашэннем Слуцкага раённага выканаўчага камітэта ад 10 красавiка 2008 года № 934.

Аўтар флага В.А. Ляхор.