г. Мядзел
і Мядзельскі раён

M20 MyadelG
M20 MyadelF

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 12 красавiка 2001 г. № 60. Флаг горада Мядзела і Мядзельскага раёна заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 ліпеня 2008. № 398 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 23 ліпеня 2008 г. Б-131.

Герб: У блакітным полі іспанскага шчыта на зялёным падножжы срэбны замак з трыма вежамі, на якіх вымпелы з крыжамі Святога Георгія.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча чырвонага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога размешчана выява герба горада Мядзела

Да пачатку ХХ ст. горад дзяліўся на Стары і Новы. Стары Мядзел згадваецца ў пісьмовых крыніцах пад 1454 г. з нагоды будаўніцтва тут кашталянам троцкім А. Саковічам касцёла, які быў знішчаны ў час вайны 1500–1503 паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай.

Новы Мядзел уваходзіў у лік каралеўскіх уладанняў, аб ім ёсць звесткі ў дакументах за 1557 і 1569 гг. Гэтая частка горада злучалася пры дапамозе маста з востравам, на якім быў пабудаваны каралеўскі замак. У цяперашні час захаваліся руіны гэтага абароннага комплексу. Яго складалі мураваныя вежы і палац, якія былі акружаны земляным валам з бастыёнамі і ровам, які быў запоўнены вадой з возера.

Стылізаваная выява гэтага помніка архітэктурнага і абароннага мастацтва знайшла сваё адлюстраванне ў сучасным гербе Мядзела. Першая яго выява захоўваецца ў Мядзельскім краязнаўчым музеі. Яна выканана М.М. Чарняўскім на падставе археалагічных пошукаў. Яго вежы ўпрыгожваюць трохвугольныя сцягі – белыя вымпелы з прамымі геральдычнымі крыжамі чырвонага колеру, якія ў геральдыцы называюцца крыжамі Святога Юр’я (Георгія).

У беларускай тэрытарыяльнай геральдыцы абаронныя збудаванні адлюстраваны ў сімвалах, створаных сучаснымі геральдыстамі. Прычым сярод іх існуюць як драўляныя будынкі – брамы і вежы (Дзятлава, Уваравічы), так і сярэднявечныя замкі, узведзеныя на прыгранічных тэрыторыях з камню (Косава, Лоеў, Ляхавічы).

Герб горада і палажэнне аб iм зацверджаны рашэннем Мядзельскага раённага выканаўчага камітэта ад 12 красавiка 2001 г. № 145. Флаг адобраны рашэннем Мядзельскага раённага Савета дэпутатаў 31 студзеня 2008 года № 49.

Аўтар герба А.А. Шпунт, аўтар флага М.М. Елінская, мастак В.А. Ляхор.