г. Маладзечна
і Маладзечанскі раён

M19 MolodechnoG
M19 MolodechnoF

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 10 лютага 2000 г. № 39. 

Флаг Маладзечанскага раёна заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 ліпеня 2008 г. № 398 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 23 ліпеня 2008 г. Б-130.

Герб: У блакітным полі іспанскага шчыта на срэбным воблаку Маці Божая ў залатой кароне, у блакітным і залатым адзенні і залатой мантыі з чырвоным падбоем, якая трымае ў руках блакітнае покрыва.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога на белым воблаку Маці Божая ў кароне жоўтага колеру, у блакітным і жоўтым адзенні, жоўтай мантыі з чырвоным падбоем, якая трымае ў руках блакітнае покрыва з трыма кавалерскімі крыжамі жоўтага колеру.

У XIX ст. Маладзечна было даволі буйным горадам з развітой інфраструктурай. У 1811 г. было адкрыта дваранскае 5-і класнае павятовае вучылішча, 1864 – маладзечанская настаўніцкая семінарыя. У 1873 годзе праз Маладзечна была пракладзена Лібава-Роменская чыгунка, якая садзейнічала эканамічнаму росту, мелася паштовая станцыя, бровар, 18 крам. У горадзе былі прадпрыемствы па перапрацоўцы мясцовай сыравіны, штотыдзень праходзілі кірмашы. У 1867–71 гг. у Маладзечна была ўзведзена Пакроўская царква.

Хрысціянскія святыя размешчаны на некалькіх гербах Мінскай вобласці. Герб сталіцы, на якім адлюстраваны сюжэт Ушэсця Дзевы Марыі, адносіцца да 1591 г. Гістарычныя гербы Барысава са Святым апосталам Пятром і Радашковічаў з выявай першапакутніка Святога Стэфана былі нададзены гэтым гарадам у 1792 г. Святыя на гербах здаўна лічацца заступнікамі гэтых гарадоў і асабліва шануюцца іх жыхарамі.

Як і пры стварэнні герба Бялынічаў, крыніцай творчага натхнення пры стварэнні выявы Дзевы Марыі для мастака-геральдыста паслужыў абраз «Пакроў» 1751 г. Гэта праца, напісаная М.В. Манаграмістам, была вывезена экспедыцыяй Дзяржаўнага мастацкага музея БССР ў 1970 г. з Пакроўскай царквы ў Маладзечна.

Герб горада быў ухвалены рашэннем Маладзечанскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 21 снежня 1999 г. № 23, флаг – рашэннем раённага Савета дэпутатаў ад 17 кастрычніка 2007 года № 47.

Аўтар герба А.А. Шпунт, мастак І.А. Шпунт, аўтар флага – М.М. Елінская, мастак – В.А. Ляхор.