г. Любань
і Любанскі раён

M15 LubanG
M15 LubanF

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 5 мая 1996 г. № 7. 

Флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 снежня 2011 г. № 564 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 5 снежня 2011 г. № Б-209.

Герб: Варажскі шчыт перасечаны паніжаным залатым поясам і мае падножжа чырвонага колеру. У верхнім блакітным полі залатая стылізаваная кветка, на лісці якой дзве птушкі з паднятымі крыламі таго ж металу.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у ніжняй частцы дзве паласы: верхняя – жоўтага і ніжняя –чырвонага колеру, якія складаюць адпаведна 1/10 і 1/5 шырыні флага. У цэнтры палотнішча на блакітнай паласе – стылізаваная жоўтая кветка, на лісці якой дзве жоўтыя птушкі з паднятымі крыламі.

У любым геральдычным знаку ўсе яго кампаненты нясуць пэўную сэнсавую нагрузку і могуць разглядацца як у гістарычным, так і мастацка-эстэтычным аспектах. У гербе Любані эмалі і метал «гістарычныя». Любань у мінулым вядома як мястэчка ў Слуцкім княстве, якое належала ў XVI ст. Алелькавічам, з 1589 г. – Тышкевічам, 1617 г.  – Радзівілам. І менавіта тая значная роля, якую адугрывалі прадстаўнікі гэтых родаў у грамадскім і дзяржаўна-палітычным жыцці Беларусі, Літвы і Польшчы ў XV–XVI стст., вызначыла выбар колераў для сучаснага герба.

Чырвоны – гэта «сямейны» колер князёў Алелькавічаў, адной з галін вялікакняжацкага роду Гедымінавічы. Яго прадстаўнікі карысталіся гербам «Пагоня» – у чырвоным полі срэбны вершнік. У Тышкевічаў, не менш вядомага шляхецкага роду на Беларусі, быў герб «Ляліва» – залатая зорка з паўмесяцам у блакітным полі шчыта. Нарэшце, Радзівілы валодалі гербам «Трубы» са знакамітымі паляўнічымі ражкамі ў блакітным полі і чорным арлом на залатым падбоі мантыі.

У цэнтры герба Любані размешчаны стылізаваны чарот або бутон, які не раскрыўся, на лісці якога сядзяць дзве птушкі. Мастацкая выява гэтых геральдычных фігур выканана ў стылі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Саломапляценне было шырока распаўсюджана на тэрыторыі Беларусі ў XVIII–XIX стст. і атрымала новы імпульс для развіцця ў нашы дні. У мінулым з саламяных жгутоў, перавітых лазой, выраблялі розныя ёмістасці для захоўвання збожжа, мукі, адзення, каштоўных рэчаў. Вырабы з саломы, сплеценыя часам з даданнем нітак, стужак, абрэзкаў тканіны, прадстаўлялі аграрна-абрадавую атрыбутыку. У дадзеным выпадку можна казаць пра сінтэз заходнееўрапейскіх геральдычных канонаў пры пабудове кампазіцыі герба з выкарыстаннем першарадных фігур (паясы, падножжы) і напаўненні герба нацыянальным зместам.

Герб і палажэнне аб iм зацверджаны рашэннем Любанскага раённага выканаўчага камітэта ад 20 красавiка 1996 г. № 4, флаг ад 4 лютага 2009 г. № 132.

Аўтар герба і мастак А.У. Леўчык, аўтар флага М.М. Елінская, мастак В.А. Ляхор.