г. Лагойск

Лагойскі раён

M14 LogoiskG

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 18 чэрвеня 1998 г. № 16.

Герб: У блакітным полі варажскага шчыта залатая пяціканцовая зорка і пад ёй залаты месяц рагамі дагары, у ніжняй частцы герба тры залатыя горкі.

Лагойшчына – адзін з самых маляўнічых куткоў Беларусі. Лагойская ўзвышша, якое размешчана на поўначы Мінскай вобласці, мае дзіўны рэльеф. Пад’ёмы, якія маюць плаўныя купалападобны абрысы, перамяжоўваюцца далінамі, адкуль бяруць свой пачатак рэкі Дзвіна, Ілія, Гайна, Цна. Краявіды нагадваюць Швейцарскія Альпы. Тапаграфія дала назву рэгіёну. У яго аснове, лічыць В.А. Жучкевіч, ляжыць тэрмін «лог» або «лагчына». На гербе асаблівасці ландшафту – ўзвышшы з трыма прачэрчаными нізінамі – адлюстраваны ў ніжняй частцы шчыта.

У верхняй частцы – герб «Ляліва» з пяціканцовай зоркай. Гэтую ж вольную падмену можна бачыць і ў гербе Ганцавічаў.

Герб «Ляліва» – у блакітным полі залатая шасціканцовая зорка, пад якой залаты жа паўмесяц рагамі дагары – належаў шмат якім беларускім шляхецкім родам, у тым ліку і Тышкевічам. На працягу некалькіх стагоддзяў гісторыя Лагойска была непарыўна звязана з гэтым родам. Яго прадстаўнікі ўпершыню сталі ўладальнікамі горада ў пачатку XVI ст. У 1517 г. Васіль Тышкевіч ажаніўся з Аляксандрай Чартарыйскай, бацька якой, князь Аляксандр, валодаў горадам Лагойскім і бліжэйшымі землямі. З часам Лагойск стаў галоўнай рэзідэнцыяй Тышкевічаў у Беларусі. Ад караля Жыгімонта II Аўгуста у 1569 г. Васіль атрымаў тытул «графа на Лагойску і Бярдзічаве». Графскі тытул, якім карысталіся і нашчадкі Васіля, быў пацверджаны Расійскай Герольдыяй ў 1861 г.

У XIX ст. графы Тышкевічы, браты Канстанцін Піевіч і Яўстафій Піевіч –беларускія гісторыкі, археолагі і краязнаўцы, заснавалі ў Лагойску музей старажытнасцяў, асновай калекцыі якога сталі іх археалагічныя знаходкі пры даследаванні курганоў, гарадзішчаў і замчышчаў Мінскай губерні. Экспазіцыю музея склалі таксама мастацкія творы, зброя, нумізматычная калекцыя.

Радавы знак Тышкевічаў, патрыётаў сваёй радзімы, змешчаны ў сучасны герб горада. Ён распрацаваны раённым выканаўчым камітэтам на чале з яго старшынёй І.А. Янушкевічам.

Герб і палажэнне аб iм зацверджаны рашэннем Лагойскага раённага выканаўчага камітэта ад 16 чэрвеня 1998 г. № 18.