г. Крупкі
і Крупскі раён

M13 KrupkiG
M13 KrupkiF

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 22 чэрвеня 1999 г. № 35. Флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 снежня 2011 г. № 564 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 5 снежня 2011 г. № Б-208.

Герб: Блакітнае поле іспанскага шчыта перасякае срэбны хвалісты пояс: у верхняй частцы срэбнае кола вадзянога млына, у ніжняй – срэбная галінка травы крупкі з залатымі кветкамі.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча жоўтага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога – герб г. Крупкі.

Крупкі ўпершыню згадваюцца ў запісках замежніка Ганса Кобенцля ў 1575 г. На карце Вялікага Ккняства Літоўскага, выдадзенай у Амстэрдаме 1613 г. Т. Макоўскім, мястэчка пазначана ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводства (з 1566). З XVII ст., на працягу 300 гадоў, яно належала магнацкаму роду князёў Сангушкаў, якія шмат зрабілі для яго эканамічнага развіцця. 27 чэрвеня 1938 г. мястэчка Крупкі атрымала статус гарадскога пасёлка, а ў 1991 г. – горада.

Кожная частка герба нясе пэўную сэнсавую нагрузку. Значэнне маюць не толькі гербавыя фігуры, але таксам іх размяшчэнне і колер поля. Блакітнае поле шчыта ў гербе Крупак сімвалізуе возера Сялява і раку Бобр – прыток Бярэзіны. Гэтая ж ідэя водных прастораў падкрэслена срэбным хвалістым поясам, які падзяляе поле (як рака горад) на дзве часткі. У верхняй частцы поля размешчана срэбнае кола вадзянога млына. Млын на працягу XVII–XIX стст. з’яўлялаўся своеасаблівай «візітнай карткай» мястэчка. Першая згадка пра яго адносіцца да 1667 г. Далейшыя згадкі пра млына, як неад’емным атрыбут мястэчка, сустракаецца пад 1765, 1812 і 1859 гг., калі на млыне з сукнавальняй працавалі да двух дзясяткаў рабочых. У «Геаграфічным слоўніку Каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх», выдадзеным у Варашаве у 1880 г. гаворыцца наступнае: «У мястэчку Крупкі губерні Магілёўскай на Бабры ёсць млыны, на якіх вырабляецца найпяшчотная пшанічная мука і пад назвай Крупецкай або Крупчаткі развозіцца ў найгалоўныя горады».

Дапаўняе герб у ніжняй частцы далікатная срэбная галінка з маленькімі, як агеньчыкі, кветкамі. Крупка – досыць шырока распаўсюджаная расліна на тэрыторыі Еўропы і Азіі, якая квітнее ў сакавіку-ліпені і мае шмат разнавіднасцяў. На гербе – крупка-дубраўная (Draba nemorosa L.), якая расце па берагах рэк Бобр і Крупка. Дзякуючы гэтай расліне, якая гарманічна ўпісалася ў герб, можна казаць, што ў дадзеным выпадку перад намі так званы «гаворачы» герб, у якім геральдычная фігура прама паказвае на назву населенага пункта.

Герб зацверджаны рашэннем Крупскага раённага выканаўчага камітэта ад 30 снежня 1998 г. № 09/12, змены ўнесены рашэннем райвыканкама ад 27 мая 1999 г. № 89/7, флаг –  ад 28 кастрычніка 2008 года № 935.

Аўтар герба А.А. Шпунт, мастак І.А. Шпунт, аўтар флага М.М. Елінская. Мастак В.А. Ляхор.