г. Заслаўе

Мінскі раён

M09 ZaslavlG

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 6 жнiўня 1999 г. № 36.

Герб: У чырвоным полі іспанскага шчыта залаты трызубец.

Летапісныя паданні звязваюць ўзнікненне горада ў Х ст. з імем кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча, які заснаваў яго для апальнай жонкі полацкай князёўны Рагнеды Рагвалодаўны і сына Ізяслава. У гонар княжыча горад і атрымаў сваю назву. У летапісах горад упершыню згадваецца пад 1127 г. у сувязі з паходам на Полацкую зямлю вялікага кіеўскага князя Мсціслава Уладзіміравіча. Навукоўцы мяркуюць, што Ізяслаўль (Заслаўе) у пачатку XII ст. быў цэнтрам удзельнага княства.

Сёння Заслаўе мае афіцыйны геральдычны сімвал, выкананы сучаснымі геральдыстамі, натхнёнымі старажытным княжацкім знакам.

«У аснове развіцця княжацкага знака, – пісаў акадэмік В.Л. Янін – ляжала атрыманне ў спадчыну бацькавай тамгі з даданнем (або адабраннем) той ці іншай яе дэталі. У выніку кожны знак спалучае ў сабе прыкметы «радавыя», г.зн. якія дазваляюць усталяваць прыналежнасць знака да пэўнай галіны княжацкага дома, і індывідуальныя, г.зн. якія дазваляюць усталяваць прыналежнасць знака пэўнай асобе».

Акадэмік падкрэсліваў, што «княжацкія знакі існавалі ў двух галоўных разнавіднасцях – «параднай», арнаментаванай, упрыгожанай мноствам арабесак, як на старажытных манетах, і «лінейнай», спрошчанай, якая захоўвае толькі канструктыўныя элементы тамгі». Ім праведзены параўнальны аналіз значнай колькасці пячатак, знойдзеных у Ноўгарадзе, якія адносяцца да XII ст., сярод якіх дзве належалі князям Уладзіміру Святаславічу і Ізяславу Уладзіміравічу. Дэталёва апісваючы гэтыя пячаткі і публікуючы іх выявы, В.Л. Янін адзначаў, што на адной з іх захаваўся надпіс «Изас[лав]вос», які добра чытаецца. Пры гэтым размешчаны на ёй княжацкі знак сына вельмі падобны на тамгу яго бацькі і адрозніваецца толькі дадатковым кружком на вяршыні левага зубца. Вучоны адносіць гэты каштоўны сфрагістычны матэрыял да дамангольскага перыяду.

У сучасным гербе Заслаўя ў чырвоным полі змешчаны залаты «Трызубец» Ізяслава – стылізаваная выява княжацкага знака.

Герб зацверджаны рашэннем гарадскога Савета дэпутатаў ад 6 жніўня 1999 г. № 21.

Аўтар герба і А.А. Шпунт, мастак І.А. Шпунт.