г.п. Гарадзея

Нясвіжскі раён

M06 GorodeyaG
M06 GorodeyaF

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 21 сакавiка 2001 г. № 52.

Герб: Блакітнае поле іспанскага шчыта перасякаюць зверху срэбны хвалісты пояс, унізе – хвалісты пояс таго ж металу, за якім залатое жазло Меркурыя.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з трох гарызантальных роўнавялікіх палос: верхняй – белай, сярэдняй – жоўтай, ніжняй – блакітнай.

Сімвалы ў гербе Гарадзеі адлюстроўваюць тры асноўныя гісторыка-геаграфічныя аспекты ў яе развіцці. Блакітны колер шчыта і срэбны хвалісты пояс у ніжняй частцы герба сімвалізуюць раку Гарадзейку, на якой стаіць пасёлак. Вада перадаецца альбо блакітнай эмаллю, альбо срэбрам і актыўна выкарыстоўваецца ў гарадской геральдыцы.

Другі срэбны пояс, размешчаны над хвалістым, мае сплошчана-зубчастыя верхнія абрысы. Такая форма пояса адлюстроўвае назву горада: Гарадзея –паселішча на месцы нейкай агароджы, гарадзьбы. Ад гэтага ж кораня паходзіць і назва ракі, якая тут працякае. Такім спосабам, як правіла, перадаюцца гарадскія сцены.

Нарэшце, апошняя геральдычная фігура – залатое жазло бога гандлю Меркурыя. Відавочна, гэты знак сімвалізуе ўдалую вытворчую і камерцыйную дзейнасць сялян у сярэдзіне XIX ст. у Гарадзеі – былым маёнтку дваран Брахоцкіх. Яны займаліся вырабам і продажам галандскіх сыроў у Маскву і Санкт-Пецярбург.

Жазло або кадуцэй – сімвал Меркурыя (у грэчаскай міфалогіі – Гермеса), вястуна багоў. Ён уяўляе сабой чароўную палачку, вакол якой абвіваюцца звернутыя адна да адной дзве змяі. Часам кадуцэй намаляваны з двума крыламі. Паводле падання Меркурый атрымаў жазло ад Апалона і, прыбыўшы ў Аркадыю, пабачыў на ім змей, якія грызліся адна з адной. Ён прасунуў палку паміж імі, аднавіўшы такім чынам свет. У сучаснай сімволіцы кадуцэй з’яўляецца сімвалам комплексу ідэй «гандаль і зносіны».

Герб г.п. Гарадзея зацверджаны рашэннем Гарадзейскага пасялковага выканаўчага камітэта ад 24 жніўня 2000 г. № 30, флаг – рашэннем ад 24 жніўня 2000 г. № 31.

Аўтар герба і флага А.А. Шпунт.