г. Вілейка
і Вілейскі раён

M04 VileikaG
M04 VileikaF

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 13 красавiка 2001 г. № 57. 

Флаг горада Вілейкі і Вілейскага раёна заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18.11.2008 № 625 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 01.12.2010, Б-177.

Герб: У чырвоным полі французскага шчыта срэбная рака скошана злева, на ёй плыве ўніз судна, нагружанае двума срэбнымі звязанымі цюкамі з залатым жытнім коласам.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча чырвонага колеру, у цэнтры правага боку якога размешчаны герб г. Вілейкі і Вілейскага раёна.

Вілейка атрымлівала гербы ад расійскіх манархаў двойчы: 22 студзеня 1796 г. ад Кацярыны II і 6 красавіка 1845 г. ад Мікалая I. Тлумачыцца гэта рознай тэрытарыяльна-адміністрацыйнай прыналежнасцю: спачатку горад знаходзіўся ў Мінскім намесніцтве, пазней – у Віленскай губерні, што і знайшло сваё адлюстраванне ў верхняй частцы гербаў. На больш раннім –герб Мінска: двухгаловы арол, на грудзях якога шчыт з выявай Дзевы Марыі, на другім – герб Вільні: ўзброены вершнік, які скача на белым кані ў правы бок, у правай руцэ вершніка паднятая ўверх шабля, а ў левай срэбны шчыт з выявай залатога васьміканцовага крыжа.

Развіццю Вілейкі спрыяла гандлёвае суднаходства. Па Віліі ў Заходнюю Еўропу вывозілі лес, лён, пяньку, збожжа, воск. У горадзе штогод праводзіліся чатыры кірмашы. Нагружаная таварамі барка ў гербе, як адзначаецца ў П.П. фон Вінклера, паказвае, што «на той реке строят водоходныя суда и отправляют на оных свозимые из разных мест товары и продукты». У рэканструяваным гербе рачное судна, груз на ім, а таксама размяшчэнне ў полі шчыта (дыяганальнае) сведчаць аб прыняцці Вілейскім раённым выканаўчым камітэтам больш ранняга гістарычнага герба 1796 г. «выява якога актуальна і сёння».

Герб Вілейкі і Вілейскага раёна i палажэнне аб iм зацверджаны Вілейскім раённым выканаўчым камітэтам ад 12 красавiка 2001 г. № 40. Флаг адобраны рашэннем Вілейскага раённага Савета дэпутатаў ад 24 чэрвеня 2008 г. № 69.