г. Барысаў

Барысаўскі раён

M03 BorisovG
Borisov

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Беларусі 23 мая 2000 г. № 41, флаг – 6 красавіка 2001 г.

Герб: У срэбным полі барочнага шчыта на зялёным падножжы  срэбная брама з дзвюма вежамі пад спічастымі дахамі чырвонага колеру. Паміж вежамі постаць Святога апостала Пятра з двума ключамі, срэбным і залатым, у правай руцэ.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з трох гарызантальных палос: верхняй чырвонай і ніжняй зялёнай, кожная з якіх складае 1/4  шырыні палотнішча; сярэдняя паласа – белая, складае 1/2  шырыні палотнішча, у цэнтры яе – выява герба горада Барысава.

Барысаў атрымаў герб 14 чэрвеня 1792 г. ад апошняга караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Праз год, пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, горад адышоў да Расійскай імперыі. 22 студзеня 1796 г. імператрыца Кацярына II сваім указам «найвысока зацвердзіла» новую рэдакцыю геральдычнага сімвала павятовага горада Барысава Мінскай губерні: «В верхней части щита герб Минский (двуглавый орел под императорской короной с гербом Минска на груди – прим. авт.). В нижней герб, данный Польским Королем Станиславом Августом: две военные башни с воротами, между ними поставленными в серебряном поле, а над оными виден Святой Петр Апостол, на облаке стоящий, который в правой руке держит ключи». Рэдакцыя герба расійскімі геральдыстамі прывяла да змены сюжэтна-тэматычнай сцэны герба. Яму быў нададзены свецкі характар – галоўнай выявай станавіліся дзве вежы.

У тэрытарыяльнай геральдыцы Расіі канца XVIII ст. прасочваецца дакладна выражаная тэндэнцыя – імкненне літаральна адлюстраваць рэальнае жыццё: прылады працы, зброю, развіццё прамысловасці, будаўнічае мастацтва. У адрозненне ад шэрагу іншых расійскіх гербаў, у якіх адлюстраваны абарончыя збудаванні, у герб Барысава 1792 г., які мае, на першы погляд, аналагічны сюжэт, геральдыстамі Рэчы Паспалітай ўкладваўся іншы сэнс.

Галоўнай фігурай у барысаўскім гербе з’яўляецца Святы апостал Пётр. У хрысціянскім мастацтве яго часта малявалі з двума ключамі, якія ўручыў яму Хрыстос. Улічваючы рэлігійную накіраванасць цэлай серыі гербаў, нададзеных у апошнія гады існавання Рэчы Паспалітай, можна меркаваць, што на гербе Барысава ў алегарычнай форме намалявана брама ў Царства нябеснае, а не фартыфікацыйны будынак.

Сучасная рэканструкцыя гістарычнага герба Барысава па сваёй ізаграфіі ў значнай ступені імкнецца да яго найбольш ранняга геральдычнага сімвала.

Герб г. Барысава зацверджаны рашэннямі Барысаўскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 29 снежня 1999 г. № 16, сцяг – ад 15 студзеня 2001 г. № 65.