в. Цырын

Карэліцкі раён

Gr30 TsirinG
Gr30 TsirinF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 верасня 2009 № 450 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 25 верасня 2009 г. № Б-174 і № Б-175.

Герб: У блакітным полі барочнага шчыта на залатым падножжы – выява аленя натуральнага колеру, паміж яго рагоў размешчаны залаты крыж.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у ніжняй частцы якога на правым баку размешчана гарызантальная паласа жоўтага колеру, якая складае адну пятую яго шырыні. У цэнтры на паласе – выява аленя натуральнага колеру, паміж яго рагоў размешчаны жоўты крыж.

Цырын – адзін з найстарэйшых населеных пунктаў Карэліцкага раёна. Некаторыя гарадскія правы і вольнасці Цырын, хутчэй за ўсё, атрымаў у XVII ст. У 1656 г. кароль Ян Казімір загадаў перадаць маёнтак Цырын у валоданне Міхаілу Абуховіч – дзяржаўнаму і ваеннаму дзеячу Вялікага Княства Літоўскага.

У 1792 г. кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пацвердзіў магдэбургскае права Цырына і надаў мястэчку герб. На ім размешчаны алень, паміж рагоў якога свеціцца залаты крыж. Добра вядомы герб г. Гродна з аленем Святога Губерта, які пераскоквае праз агароджу. Чаму для мястэчка Цырын быў абраны менавіта гэты сюжэт, пакуль незразумела. Па ўсёй верагоднасці, у аснове ляжыць, тая ж ідэя, якая закладвалася пры стварэнні гродзенскага герба, а менавіта: маральнае ўдасканальванне чалавека, адданае служэнне Богу і ахвярнасць. У цэлым, гэта універсальны сімвал, які асацыюецца з узыходам, святлом, чысцінёй, абнаўленнем, тварэннем.

Герб Цырына, зноў заснаваны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь на пачатку XXI ст., ізаграфічна максімальна адаптаваны да выявы з прывілею 1792 г. Апошні выкананы ў характэрным для канца XVIII ст. мастацкім стылі і хутчэй нагадвае дэкаратыўную мініяцюру, чым геральдычных знак, у якім выкарыстоўваюцца два металы і пяць эмаляў. На гербе малюнак з перспектыўнай пейзажнай выявай ад пярэдняга плана да панарамнага, запоўнены на зямлі –  хмызняком, дрэвамі, травой, а на небе – аблокамі. Сучасны герб мае блакітнае (асноўнае гістарычнае) поле з залатым падножжам, на якім размешчана галоўная гербавая фігура, якая займае, па геральдычнай традыцыі, максімальна вялікае месца.

Флаг вёскі Цырын з’яўляецца вексілалагічным варыянтам герба. Размяшчэнне гербавай выявы на ўсім палотнішчы флага без аблямавання – распаўсюджаны прыём у сучаснай тэрытарыяльнай геральдыцы Беларусі.

Мастак і аўтар флага В.А. Ляхор.