в. Гальшаны

Ашмянскі раён

Gr06 GolshanyG
Gr06 GolshanyF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2006 г., № 455 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 1 жніўня 2006 года № Б-90 і № Б-91.

Герб: У чырвоным полі варажскага шчыта гіпацэнтаўр – міфічная фігура каня срэбнага колеру, з галавой, грудзямі і рукамі чалавека натуральнага колеру, на канцы хваста – пашча цмока, на якую нацэлена залатая страла са срэбным апярэннем, выпушчаная з залатога лука рукамі самога ж гіпацэнтаўра; у трохвугольным падножжы блакітнага колеру – герб «Ліс» – срэбная двойчы перакрыжаваная страла.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча чырвонага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у дрэўкавай верхняй частцы блакітнага колеру размешчаны герб «Ліс» – белая, двойчы перакрыжаваная страла. У цэнтры правага боку палотнішча – выява гіпацэнтаўра: міфічная фігура каня белага колеру, з галавой, грудзямі і рукамі чалавека натуральнага колеру, на канцы хваста – пашча цмока, на якую нацэлена жоўтая страла з белым апярэннем, выпушчаная з жоўтага лука рукамі самога ж гіпацэнтаўра.

Вёска Гальшаны вядома па летапісных крыніцах яшчэ з 1280 г. У ХШ ст. тут існаваў замак, узвядзенне якога звязваюць з родам князёў Гальшанскіх і яго заснавальнікам – легендарным князем Гольшай. Гальшанскія карысталіся гербам «Гіпацэнтаўр». Гэта міфічная істота мае галаву і тулава чалавека, астатнія ж часткі тулава конскія, а замест хваста – пашча цмока.

З XVI ст. Гальшаны знаходзіліся ў валоданні буйных беларускіх землеўладальнікаў Сапегаў, якія карысталія гербам «Ліс». Павел Стэфан Сапега ўзвёў тут мураваны замак, ў 1618 г. велічны ансамбль касцёла і францысканскага кляштара, што надало паселішчу большую значнасць.

Сучасныя герб і флаг вёскі Гальшаны створаны на аснове двух прыватнаўласніцкіх гербаў – Гальшанскіх і Сапегаў. Прычым, герб першых уладальнікаў займае больш ганаровае і большае па плошчы месца, гербу наступных адведзена ніжняя частка шчыта. Мастак-геральдыст, падкрэсліваючы нацыянальны каларыт беларускай геральдыкі, у фигуры Гіпацэнтаўра здолеў злучыць старажытнагрэчаскую міфалогію з беларускім каларытам. Фантастычная істота, народжанае уяўленнем людзей на берагах сонечнай Грэцыі, мае чыста славянскія рысы твару і бялявыя валасы. Такі прыём цалкам дапушчальны, паколькі пры блазаніраванні гіпацэнтаўра апісваюцца толькі яго галоўныя і характэрныя асаблівасці.

Герб, флаг і палажэнні аб іх адобраны рашэннем Гальшанскага сельскага Савета дэпутатаў ад 28 чэрвеня 2005 № 11-1.

Аўтар герба і флага М.М. Елінская, мастак В.А. Ляхор.