г.п. Радунь

Воранаўскі раён

Gr25 PorozovoG
Gr25 PorozovoF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 № 279 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 4 чэрвеня 2009 г. № Б-120 і № Б-121.

Герб: Барочны шчыт, у срэбным полі якога рак чырвонага колеру.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча белага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у левай частцы пярэдняга боку якога размешчана апраўленая чырвонай аблямоўкай выява герба гарадскога пасёлка Радунь Воранаўскага раёна.

У гістарычных дакументах Радунь упершыню згадваецца пад 1387 г. у грамаце Ягайлы як горад і цэнтр воласці. У 1649 г. мястэчка атрымала магдэбургскае права і герб, які быў пацверджаны Станіславам Аўгустам Панятоўскім. У каралеўскім прывілеі ад 23 чэрвеня 1792 г. размешчаны герб Радуні – «у срэбным полі чырвоны рак», які ў 1998 г. быў апублікаваны А.К. Цітовым. Менавіта ён паслужыў асновай для аднаўлення гістарычнага герба Радуні.

Як і ў выпадку з іншымі жывёламі, сімвал рака немагчыма трактаваць адназначна. Паводле аднаго са старажытнагрэчаскіх міфаў пра подзвігі Геракла рак перашкаджаў яму – шчыпаў за пятку падчас бітвы з Лярнейскай гідрай. І герой раздушыў рака. Аднак у знак прызнання адвагі гэтай маленькай жывёлы адно з сузор’яў Задыяку носіць яго назву. Сонца праходзіць яго паміж 22 чэрвенем і 22 ліпенем, менавіта тады, калі Станіслаў Аўгуст падпісаў прывілей, аб наданні Радуні герба з выявай рака. Вядома, гэта з’яўляецца толькі гістарычным супадзеннем, але, улічваючы, што ў астралогіі знаку Рака адпавядае срэбра – знак Месяца і смарагду, рак на гербе цалкам мог бы быць зялёным. Аднак колеры ў геральдыцы часта не супадаюць з колерамі рэальна існуючых аб’ектаў. Таму ў гербе 1570 г. населенага пункта Філіпаў (раней уваходзіў у Сувалкаўскую губерню, цяпер на тэрыторыі Польшчы) размешчаны рак чорнага колеру. Астралагічныя сімвал рака звязаны з такімі рознымі па сутнасці паняццямі, як цяжарнасць і турэмнае зняволенне, хрышчэнне і адраджэнне, абуджэнне свядомасці і тэндэнцыя да замкнёнасці.

У гарадской геральдыцы існуюць некалькі афіцыйных геральдычных сімвалаў, як гістарычных, так і створаных у нашы дні, з выявай рака: на гербах г. Веcьягонск (Расія), г. Швенченеляй (Літва), Ракоўнік (Чэхія) і інш.

Герб і флаг г.п. Радунь Воранаўскага раёна адобраны рашэннем Радунская пасялковага Савета дэпутатаў ад 24 лістапада 2006 г. № 165.

Мастак В.А. Ляхор.