г.п. Астрына

Шчучынскі раён

Gr21 OstrinoG
Gr21 OstrinoF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 № 279 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 4 чэрвеня 2009 г. № Б-116 і № Б-117.

Герб: У блакітным полі барочнага шчыта на зялёным падножжы срэбная вежа; над яе чырвоным спічастым дахам – рука ваяра ў срэбных баявых даспехах, якая трымае аголены меч з таго ж металу.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з двзвюх гарызантальных палос: верхняй – блакітнага, ніжняй – зялёнага колеру. Ніжняя паласа складае 1/10 шырыні флага. Па цэнтры на правым баку палотнішча вежа белага колеру; над яе чырвоным спічастым дахам – рука ваяра ў белых баявых даспехах, якая трымае аголены меч таго ж колеру.

У XVI–XVIII стст. Астрына мела статус цэнтра староства Лідскага павета Віленскага ваяводства. У 1641 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў IV Ваза (1565–1648) падпісаў прывілей, якім надаў мястэчку Астрына магдэбургскае права і ў якасці аднаго з атрыбутаў гарадскога самакіравання – герб. Гэта права было пацверджана ў 1685 г. Янам Сабескім, а ў 1792 г.  – Станіславам Аўгустам Панятоўскім. Выява герба з апошняга прывілея была апублікавана А.К. Цітовым. Менавіта яна паслужыла асновай для аднаўлення гістарычнага герба пасёлка. Мастак-геральдыст максімальна дакладна перадаў дух і ідэю гістарычнага герба, у якім размешчана срэбная вартаўнічая вежа-данжон – сімвал абароны радзімы. Спічасты дах вянчае рука ў рыцарскіх даспехах, ўзброеная мячом. У беларускай геральдыцы гэты сімвал называецца «малой пагоняй».

У гарадской геральдыцы Беларусі існуюць некалькі афіцыйных геральдычных сімвалаў, як гістарычных, так і створаных у нашы дні, з выявай абарончых збудаванняў: вежаў (Высокае, Каменец, Сураж), замкаў (Магілёў, Чашнікі, Мядзель, Лоеў), крапасных сцен (Мір, Воранава). Флаг спраектаваны шляхам размяшчэння гербавага выявы ў цэнтральнай частцы палотнішча на «расцягнутым» у зялёную паласу падножжы герба.

Герб і флаг адобраны рашэннем Шчучынскага выканаўчага камітэта ад 26 кастрычніка 2006 г. № 700.

Мастак В.А. Ляхор.