г.п. Любча

Навагрудскі раён

Gr16 LyubchaG

Герб гарадскога пасёлка Любча Навагрудскага раёна заснаваны Указам Прэзідэнта ад 24 лiпеня 2014 г. № 373 «Аб заснаванні гербаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак Віцебскай і Гродзенскай абласцей».

Герб: Барочны шчыт, у блакітным полі якога срэбная падкова, на вяршыні якой знаходзіцца залаты кавалерскі крыж, яшчэ два крыжы таго ж металу ўмацаваны на абодвух яе шыпах. Унутры падковы дзве рыбіны (ласосі) у слуп: правая галавой дагары, левая галавой уніз.

Гарадскі пасёлак Любча мае багатую гісторыю – па пісьмовых крыніцах ён вядомы з XIII ст. На працягу некалькіх стагоддзяў населены пункт знаходзіўся ў прыватным валоданні кіеўскага баярына А. Кіяна, вялікага князя Гедыміна, віленскага ваяводы М. Кезгайлы і інш. З 1528 г. Любча належала віленскаму ваяводзе А. Гаштольду, з 1574 – ўладанне старасты жамойцкага Я. Кішкі, з 1606 г. перайшло да князёў Радзівілаў.

Першы герб Любча атрымала ў часы Яна Кішкі 16 красавіка 1590 г.: «У блакітным полі срэбная падкова з трыма залатымі крыжамі, унутры якой дзве рыбіны (ласосі) ў слуп – правая галавой уверх, левая – уніз». Лічыцца, што ён быў створаны шляхам аб’яднання герба Яна Кішкі «Дамброва» і герба «Вадвіч» яго жонкі з роду Нарушэвічаў. На думку А. Цітова, герб Любчы з’яўляецца яркім прыкладам зліцця прыватнаўласніцкай і гарадской геральдыкі. З ім пагадзіўся і літоўскі геральдыст Э. Рымша, які, аднак, пад рыбамі ўбачыў герб жонкі дзеда Яна Кішкі – Соф’і з Мантыгірдавічаў. Ён таксама удакладніў дату надання Любчы права на самакіраванне – 15 красавіка 1590 г. i апублікаваў аўтэнтычную выяву герба.

Са зменай ўладальніка – з 1606 г. Любча перайшла да Радзівілаў – змяніўся і герб. 22 сакавіка 1644 г. Радзівілы надалі Любчы іншы герб: «У блакітным полі брама з дзвюма вежамі, на якой стаіць ўзброены рыцар з мячом у правай руцэ, шчытом у левай, на шчыце ў чырвоным полі срэбны вензель «RD» – «Radziwill Dux». А. Цітоў, які апублікаваў згаданы герб, не ўказаў крыніцу сваёй інфармацыі. У сваю чаргу Э. Рымша не ведае такога герба Любчы.

У выпадку, калі населены пункт у сваёй гісторыі меў некалькі гербаў, за аснову бярэцца той, які існаваў раней. У выпадку з Любчай, як можна меркаваць, змена герба адбылася ў выніку змены ўладальнікаў. Яна была выклікана, па-першае, самім прыватнаўласніцкім характарам першага любчанскага герба, які відавочна не падыходзіў новым гаспадарам, па-другое, жаданнем Радзівілаў падкрэсліць сваю ролю ў развіцці мястэчка, як гэта адбылося з гербамі Слуцка, Клецка і Капыля. Вядома, што князі пабудавалі ў Любчы мураваны замак і шмат увагі надавалі добраўпарадкаванню не толькі сваёй рэзідэнцыі, але і мястэчка ў цэлым. «Архітэктурны» характар ​​больш позняга герба закліканы быў адлюстроўваць заслугі Радзівілаў у гаспадарчым і культурным развіцці Любчы. Але для заснавання яго ў якасці сучаснага любчанскага герба, гэтага відавочна недастаткова.