г.п. Зэльва

Зэльвінскі раён

Gr11 ZelvaG
Gr11 ZelvaF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 № 279 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 4 чэрвеня 2009 г. № Б-112 і № Б-113.

Герб: Варажскі шчыт, у блакітным полі якога вынікае з залатой брамы з чырвоным дахам чорны конь з залатой грывай, капытамі і аброццю.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога размешчана выява герба гарадскога пасёлка Зэльва.

Зэльва, якая размешчана на левым беразе Зяльвянкі, прытоку Нёмана, вядома з 1470 г., калі ў вёсцы Вялікая Зэльва было распачата будаўніцтва касцёла. У 1720 г. ад караля Аўгуста II (1697–1733) Зэльва атрымала прывілей на таргі і кірмашы. З другой паловы XVIII ст. Зэльвенскі кірмаш стаў адным з найбуйнейшых у Вялікім Княстве Літоўскім. Асноўным аб’ектам куплі-продажу з’яўляліся коні.

У горадзе для заключэння гандлёвых здзелак і знаходжання наведвальнікаў падчас кірмашу быў пабудаваны гасцінны двор, побач з якім размяшчаліся гандлёвыя рады, крамы і г.д. На зэльвінскі кірмаш з’язджаліся да 3–4 тысяч чалавек.

Пасля ўваходжання навакольных земляў у 1795 г. у склад Расійскай імперыі па 3-му падзелу Рэчы Паспалітай, Зэльва становіцца цэнтрам Ваўкавыскага павета. З канца XVIII да пачатку XX стст. яна ўбыла досыць ажыўленым населеным пунктам.

Кірмашы, якія праводзіліся тут у XVIII–XIX стст., сталі адпраўным момантам пры канструяванні сучаснага герба Зэльвы. Шчыт варажскай формы, характэрны для геральдыкі Гродзеншчыны, мае вельмі арыгінальнае дзяленне. Верхняя яго частка чырвонага колеру мае перакуленае выцягнута-лускаватае дзяленне, што павінна нагадваць чарапічныя дахі гасцінных двароў для прыязджых. Ніжняя частка герба ўяўляе сабой фрагмент гарадскога грамадскага будынка з адчыненай брамай або дзвярыма, што падкрэслівае гасціннасць жыхароў Зэльвы. У адкрытай прасторы паміж створкамі дзвярэй размешчана фігура чорнага каня, якая сімвалізуе адзін з асноўных аб’ектаў кірмашовых таргоў.

Спалучэнне трох эмаляў (чырвонай, блакітнай і чорнай) і аднаго металу (золата) надаюць святочнасць і ўрачыстасць ўсёй гербавай кампазіцыі. Кампактнае спалучэнне элементаў не дазволіла падзяляць іх на самастойныя часткі ці перастаўляць месцамі, як гэта можна бачыць на флагу Ашмянаў. Дзякуючы гэтаму ўвесь герб са шчытом – састаўная частка і афіцыйнага флага Зэльвы.

Герб і флаг адобраны рашэннем Зэльвенскага раённага Савета дэпутатаў ад 29 верасня 2006 года № 16/11.

Аўтар герба М.М. Елінская, мастак В.А. Ляхор.