г.п. Воранава
і Воранаўскі раён

Gr05 VoronovoG
Gr05 VoronovoF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2006 г., № 455 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 1 жніўня 2006 года № Б-88 і № Б-89.

Герб: Іспанскі шчыт перасечаны сплошчана-зубчастым дзяленнем. У верхнім блакітным полі – узыходзячы залаты леў, які трымае ў лапах срэбную літару «W»; у ніжнім чырвоным – герба «Сцыпіён» – чатыры перакрыжаваныя бэлькі блакітнага колеру.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога герб гарадскога пасёлка Воранава і Воранаўскага раёна.

Воранава сустракаецца ў беларускіх пісьмовых крыніцах з XVI ст. як населены пункт у складзе Вялікага Княства Літоўскага. Старажытная назва пасёлка –Балотна (Блотна). Яна паходзіць ад назвы ракі Балатнянка, якая ў цяперашні час уяўляе сабой толькі ручай. У польскіх і рускіх крыніцах мястэчка называлася «Weronów», «Воронов». На карце Т. Макоўскага 1613 г. Воранава пазначана як мястэчка. У XVI ст. Воранава было прыватнаўласніцкім мястэчкам і належала шляхецкага роду Гаштольдаў. У пачатку XVIII ст. Воранава перайшло ў валоданне мсціслаўскага ваяводы А. Масевіча, які ў 1705 г. заснаваў тут новы касцёл Св. Тадэвуша. Пазней у Воранава зноў змяніліся ўладальнікі – імі сталі прадстаўнікі старажытнага італьянскага роду Сцыпіёнаў. У 1735 г. кашталян смаленскі, стараста лідскі Я. Сцыпіён адкрыў тут школу і калегіюм піяраў, якія у 1755 года распараджэннем Адукацыйнай камісіі былі пераведзены ў Ліду. Пры Сцыпіёнах Воранава было цэнтрам староства. З 1795 г. – ўвайшло ў склад Расійскай імперыі.

Дзяржаўныя геральдысты пры стварэнні герба Воранава зыходзілі з яго шматвяковай гісторыі, небагатай, праўда, на важныя гістарычныя падзеі. Тым не менш, было ўлічана, што яго развіццё ў папярэднюю эпоху было прадвызначана яго ўладальнікамі, у першую чаргу Гаштольдамі і Сцыпіёнамі. Паколькі найбольш працяглы час Воранава належала Гаштольдам, у верхняй, найбольш ганаровай, частцы афіцыйнага геральдычнага сімвала размяшчаюцца элементы герба гэтага роду, а менавіта – узыходзячы (верхняя частка) залаты леў, які трымае ў лапах лацінскую літару «W». Гаштольды валодалі гербам «Абданк» – дзве срэбныя кроквы са зрэзанымі донцамі, звернутымі вяршынямі ўніз і злучаныя паміж сабой накшталт лацінскай літары «W». З іншага боку, гэта літара можа разглядацца як пачатковая літара назвы пасёлка Воранава, які размешчаны ў заходняй частцы Беларусі, дзе адчываецца ўплыў еўрапейскай, у прыватнасці, польскай культуры і каталіцкай традыцыі. Па гэтай прычыне цалкам дарэчным з’яўляецца выкарыстанне лацінскай, а не кірылічнай літары.

Дзяленне ў гербе зубчастае. Яно ўжываецца ў гербах гарадоў, якія мелі розныя фундаментальныя будынкі, да прыкладу, крапасныя сцены, мураваныя культавыя пабудовы, розныя архітэктурныя збудаванні з каменя. такія зубцы маглі прысутнічаць у дэкоры і касцёла, і будынка калегіума піяраў. Таму ніжняя частка герба ўяўляе сабой чырвонае поле, у цэнтры якога размешчаны радавы герб Сцыпіёнаў.

Аўтар герба і флага М.М. Елінская, мастак В.А. Ляхор.