г. Слонім
i Слонімскі раён

Gr28 SlonimG
Gr28 SlonimF

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 28 мая 1998 г. № 13. 

Флаг горада Слоніма і Слонімскага раёна заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 верасня 2009 г. № 450 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 25 верасня 2009 г. № Б-173.

Герб: У блакітным полі барочнага шчыта залаты леў, павернуты ўправа, які трымае ў лапе двойчы перакрыжаваную срэбную стралу – герб «Ліс».

Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога – апраўленая белай аблямоўкай выява герба горада Слоніма.

У XVI ст. Слонім быў павятовым цэнтрам Новагародскага ваяводства. У 1531 г. Жыгімонт I дараваў яму магдэбургскае права. Права на самакіраванне было пацверджана ў 1591 г. Жыгімонта III і ў гэтым жа годзе горад атрымаў свой герб.

Герб Слоніма па сваім сюжэце пераклікаецца з гербам Ліды, які яна атрымала годам раней ад таго ж манарха. У Слонімскім гербе залаты леў трымае ў лапе герб «Ліс». Тлумачыцца гэта, па ўсёй бачнасці, тым, што з 1586 г. Ліда належала канцлеру Вялікага Княства Літоўскага Льву Сапегу. У гэтага роду быў вышэйназваны герб, які, згодна з польскімі і рускімі гербоўнікамі, уяўляў срэбнае кап’ё або белую стралу, пакладзеную ў чырвоным полі і перакрыжаваную дзвюма белымі перакладзінамі накшталт сякер.

З 1795 г. Слонім у складзе Расійскай імперыі. Як павятовы горад Гродзенскай губерні, ён 6 красавіка 1845 г. атрымаў ад расійскага імператара Мікалая I другі за сваю гісторыю герб: «Щит разделен на две половины: в верхней помещен Гродненский герб, а в нижней, в голубом поле, два крестообразно поставленные на эфесах меча, между которыми выставлен «1275 год», в воспоминание взятия в том году у Литвы города Слонима князьями Галицкими».

Варта дадаць, што сучасныя беларускія геральдысты працягваюць традыцыі гербаўтварэння перыяду Вялікага Княства Літоўскага і Расійскай імперыі. Яны шырока выкарыстоўваюць пры стварэнні новых гарадскіх сімвалаў прыём, які выкарыстоўваўся яшчэ ў XVI ст.: пры разнастайным дзяленні шчыта спалучэнне ў гербе розных фігур з шляхецкай геральдыкай.

Герб г. Слоніма зацверджаны рашэннем Слонімскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 30 красавіка 1998 г. № 194. Флаг г. Слоніма і Слонімскага раёна адобраны рашэннем Слонімскага раённага выканаўчага камітэта ад 20 жніўня 2007 г. № 657.