г. Ліда

Лідскі раён

Gr15 lidaG
Gr15 lidaF

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 30 мая 2002 г. № 85. 

Флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 верасня 2009 г. № 450 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 25 верасня 2009 г. № Б-172.

Герб: Барочны шчыт рассечаны «ў слуп». У правым чырвоным полі – залаты леў, які стаіць, павернуты направа, у левым блакітным – два перакрыжаваныя залатыя ключы.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з дзвюх роўнавялікіх гарызантальных палос: верхняй чырвонай, ніжняй – блакітнай. У цэнтры правага боку палотнішча – герб горада Ліды.

Ліда атрымала магдэбургскае права 17 верасня 1590 г. У прывілеі Жыгімонта III гаворыцца, што гораду нанадзена магдэбургскае права і пячатка з ільвом і двума перакрыжаванымі ключамі над ім.  

6 красавіка 1845 г. Мікалай I «найвысока зацвердзіў» павятовы герб Ліды. Ён уяўляў сабой шчыт, падзелены на дзве паловы. У верхняй палове змешчаны герб Віленскай губерні: «в червленом щите, на серебряном коне, серебряный вооруженный всадник (погонь) с поднятым мечом и со щитом, на коем осьмиконечный червленый крест… В нижней (половине), в зеленом поле, сноп хлеба и серп, в знак того, что жители Лидского уезда занимаются исключительно земледелием».

Прадстаўнікі Лідскага гарадскога савета дэпутатаў пасля руплівага вывучэння гісторыі свайго горада і яго геральдычных сімвалаў спыніліся на больш раннім з іх. Герб канца XVI ст. мае непераходзячую гісторыка-культурную каштоўнасць. І гэта цалкам справядліва, паколькі герб Ліды –адзін з нямногіх беларускіх тэрытарыяльных гербаў, якія маюць больш чым чатырохсотгадовую гісторыю.

Ключы таксама даволі часта ўжываюцца ў геральдыцы, бо гэта сімвал, які мае надзвычай шырокае тлумачэнне. Паводле падання Ісус ўручыў ключы апосталу Пятру: адзін – ад варот раю, другі – ад пекла. На некаторых гербах адзін ключ быў залаты, а другі – срэбны, прычым залаты ключ абазначаўся як той, які «злучае», а срэбны – як, той «які дазваляе».

Герб і палажэнне аб iм зацверджаны рашэннем Лідскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 9 красавіка 2002 г. № 13-71. Флаг быў ухвалены рашэннем таго ж органа ўлады ад 19 красавiка 2007 года № 29.