г. Іўе

Іўеўскі раён

Gr12 IvieG
Gr12 IvieF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 № 279 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 4 чэрвеня 2009 г. № Б-106 і № Б-107.

Герб: Варажскі шчыт, у срэбным полі якога – жаночая постаць у чырвонай вопратцы, аздобленай золатам і срэбрам, са срэбнай кнігай у руках.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча чырвонага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у левай частцы правага боку якога размешчана выява горада Іўе.

Іўе вядома па пісьмовых крыніцах з першай паловы XV ст. як вялікакняжацкі двор. У 1444 г. аддадзена вялікім князем літоўскім Казімірам маршалку земскаму літоўскаму, намесніку новагародскаму Пятру Мантыгердавічу, які каля 1495 г. узвёў тут мураваны касцёл Пятра і Паўла. У 1-й палове XVI ст. Іўе належала князям Забярэзінскім, затым (з 1558 па 1654 гг.) Кішкам. У 1561 г. Iўе набыло статус мястэчка ў Ашмянскім павеце. У 2-й палове XVI ст. Іўе стала адным з цэнтраў арыянства ў Вялікім Княстве Літоўскім. Ян Кішка заснаваў тут Арыанскую друкарню і школу або акадэмію, рэктарам якой у 1585–1593 гг. быў Ян Ліціній Немыслоўскі. У 30-я гады XVII ст. М. Кішка перадаў Петрапаўлаўскі касцёл і кляштар бернардынцам. Пры ім дзейнічалі школа, шпіталь і бібліятэка.

На працягу XVI ст. – 1-й паловы XIX стст. Іўем паслядоўна валодалі прадстаўнікі такіх вядомых магнацкіх родаў Беларусі, як Слушкі, Глебовічы, Жыжэмскія, Агінскія, Сапегі, Тызенгаўзы, якія зрабілі свой унёсак у развіццё горада. Частаяны былі звязаны блізкімі роднаснымі сувязямі.

Некаторы час Іўем валодала Крысціна з Друцкіх-Сакалінскіх, жонка гетмана літоўскага. У 1662 г. яна завяшчала мястэчка Юрыю Глябовічу і яго жонцы Кацярыне, народжанай Радзівіл. Муж і жонка мелі двух дачок – Марцыбелу і Крысціну. Першая выйшла замуж за ваяводу троцкага Марцыяна Агінскага, другая – за полацкага ваяводу Казіміра Сапегу. Калі Марцыбела Агінская памерла, не пакінуўшы нашчадкаў, Іўе перайшло да Сапегаў, а пасля іх да Тызенгаўзаў. У 1882 г. Іўе належала графіні Эльфрыде Замойскай, якая атрымала Іўе ў спадчыну ад Тызенгаўзаў.

Такім чынам, у афіцыйным сімвале Іўя геральдычнымі прыёмамі распавядаецца аб вядомых людзях, чые імёны захаваліся не толькі ў пісьмовых крыніцах, але і ў памяці людзей. Жаночая постаць, якая сядзіць у багата аздобленай вопратцы ўзору XVI–XVII стст. – гэта абагульнены вобраз прадстаўніц княжацкіх родаў Беларусі, якія некалі валодалі горадам. Разгорнутая срэбная кніга ў яе ў руках служыць сімвалам таго, што ў мінулым горад быў адным з цэнтраў свецкага і духоўнага адукацыі і сыграў вядомую ролю ў распаўсюдзе асветы на тэрыторыі Беларусі.

Герб і флаг былі адобраны рашэннем Іўеўскага раённага Савета дэпутатаў ад 27 ліпеня 2006 г. № 91.

Аўтар герба М.М. Елінская, мастак В.А. Ляхор.