г. Дзятлава

Дзятлаўскі раён

Gr08 DyatlovoG
Gr08 DyatlovoF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 снежня 2004 года № 590 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 16 снежня 2004 года № Б-17 і № Б-18.

Герб: У блакітным полі варажскага шчыта на трох зялёных узгорках залатая ўязная брама з іспанскім шчытом у блакітным полі якога – шасціпрамянёвая зорка і месяц рагамі дагары жоўтага колеру. Над імі залатая страла, якая ляціць уверх, ўваткнутая у палову кальца ў выглядзе вясёлкі. Падножжа – срэбнае.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у ніжняй яго частцы гарызантальна размешчаны знізу ўгору тры роўныя па памеры паласы адпаведна белага, зялёнага і жоўтага колераў, кожная з якіх складае 1/10 шырыні палотнішча флага.

Пад 1253 г. Іпацьеўскі летапіс апавядае аб паходзе галіцка-валынскага войска ад Слоніма да Навагрудка і яго сутыкненні з атрадам Навагрудскага княства: «…и послаша сторож Литва на озере Зьято и гнаша через болота реки Шчары…». Украінскі лінгвіст А.П. Непакупны лічыць, што Дзятлава неабходна атаясамліваць з населеным пунктам Зецела. Дакументальныя сведчанні пра Дзятлава адносяцца да 1498 г., калі вялікі князь літоўскі Аляксандрам перадаў Зецелу князю Канстанціну Астрожскаму з правам заснавання мястэчка і будаўніцтва замка. Драўляны Дзятлаўскі замак згадваецца ў актах за 1500 г. У канцы XVII ст. Зецела пераходзіць да Сапегаў, а з 1685 г. – да Радзівілаў, пры якіх замак быў адбудаваны і акружаны абарончым ровам і земляным валам са сценамі-гароднямі і вежамі. З XVII ст. у афіцыйных дакументах паселішча мела назвуў Здзяцел, Здзецель, Здзенцель, Дзенцел, Здзечаль. Падчас Паўночнай вайны 1700–1721 гг. замак быў спалены.

У свой час археолаг П.А. Русаў выказаў здагадку аб існаванні ў 1253 г. побач з возерам З’ята ўмацавання або заставы, каля якой з часам магло паўстаць паселішча. На левым беразе ракі Дзятлаўчанкі навукоўцам быў выяўлены абарончы роў, які з’яўляўся натуральнай мяжой замка ў XVI–XVII стст. На яго схіле знойдзены рэшткі драўлянай сцяны, якая магла быць адной з вежаў або падпорнай сценкай схілу землянога вала.

Ткім чынам, гісторыя Дзятлава цягам усяго сярэднявечнага перыяду звязана з яго характэрнай асаблівасцю – існаваннем замка. Менавіта таму стылізаваная выява драўлянай сярэднявечнай вежы прысутнічае на сучасным гербе горада.

У верхняй частцы вежы размешчаны радавы герб К. Астрожскага «Астрога», пры якім пачалося будаўніцтва замка. «Астрога» па сутнасці ўключае ў сябе два знака – «Агеньчык» (палова стралы, якая ляціць уверх, уваткнутай у палову кальца ў выглядзе вясёлкі) і «Ляліва» (шасціканцовая зорка і пад ёй паўмесяц рагамі дагары).

Флаг распрацаваны з выкарыстаннем асноўных колераў герба і ўяўляе яго вексілалагічную інтэрпрэтацыю.

Герб, флаг і палажэнні аб іх адобраны рашэннем Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў ім ад 2 снежня 2003 г. № 24.

Аўтар герба і флага П.А. Русаў, мастак В.А. Ляхор