г. Гродна

Гродно1
Гродно2

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 15 ліпеня 1994 г. № 3. 

Флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2006 г., № 455 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 1 жніўня 2006 года № Б-92.

Герб: У блакітным полі барочнага шчыта алень Святога Губерта з залатым крыжам паміж рагоў, які пераскоквае праз агароджу белага колеру.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога – герб горада Гродна: у блакітным полі барочнага шчыта з аблямоўкай жоўтага колеру алень Святога Губерта з жоўтым крыжам паміж рагоў, які пераскоквае праз агароджу белага колеру.

Горад Гродна адным з першых на тэрыторыі Беларусі атрымаў магдэбургскае права: у 1391 – няпоўнае, у 1444 г. – поўнае па прывілею вялікага князя літоўскага Казіміра IV Ягелончыка, у 1496 г. дапоўненае спецыяльным прывілеем. У гэты час горад знаходзіўся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага і гэтак жа, як і ў XII–XIV стст., называўся Городенъ, Гародня, Горадня. Толькі пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай (1569 г.) стала ўжывацца іншая назва –Гродна.

У 1540 г. каралева Бона, жонка Жыгімонта I Старога, пры пацверджанні Гродна магдэбургскага права загадала войту і магістрату ўжываць пячатку з гербам, на якім быў размешчаны казёл, які стаіць на задніх нагах і цягнецца за вінаграднай лазой. Да нашых дзён дайшлі выявы гродзенскага гарадскога герба на пячатках магістрата, датаваныя 1565 гг. і больш позним часам, на якіх размешчаны скаку алень, які скача, з залатым крыжам паміж рагоў, т.зв. алень Святога Губерта.

Агароджа або пляцень пад выявай аленя візуальна перадае назву горада «Городень», этымалогію якога выводзяць або ад дзеясловаў «гарадзіць», «агароджваць», або з назвы прытоку Нёмана рэчкі Гарадніцы (з XIX ст. –Гараднічанка).

Цэнтральная фігура герба – алень з залатым крыжам паміж рагоў – абавязковы атрыбут Святога Губерта, ушанаванага гарадзенцамі ў сярэднія вякі як заступніка паляўнічых. Паводле легенды, Губерт быў сынам Бертрана, герцага Гіенскага, вёў разгульны лад жыцця і аднойчы падчас палявання убачыў аленя з бліскучым крыжам паміж рагоў, які горда стаяў сярод дрэў. Здзіўлены паляўнічы патлумачыў гэта як знак і з тых часоў стаў узорным хрысціянінам, раздаў усю сваю маёмасць жабракам і зрабіў духоўную кар’еру. Такім чынам, Святы Губерт з аднаго боку шанаваўся гараджанамі Гродна як прыклад маральнага самаўдасканалення, з другога – як заступнік паляўнічых, бо паляванне ў старажытным Гродне доўгі час было ледзь не асноўным відам дзейнасці. Паляванне праводзілася ў асноўным на буйнога мяснога звера, галоўным чынам на высакароднага аленя.

Пасля далучэння горада да Расійскай імперыі ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) 6 красавіка 1845 года быў зацверджаны новы герб губернскага горада Гродна з выявай зубра на чырвоным фоне.

У мінулым горад Гродна мог мець і свой тэрытарыяльны флаг. Ва ўсякім выпадку, вядома, што Гарадзенскі павет, які ўваходзіў пасля 1413 г. у склад Трокскага ваяводства, меў харугву блакітнага колеру.

Герб зацверджаны рашэннем Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 1 кастрычнiка 1990 г. № 41, флаг – рашэннем гарадскога выканаўчага камітэта ад 15 снежня 2004 года № 957.