аг. Жыровіцы

Слонімскі раён

Gr10 ZhirovichiG

Герб аг. Жыровіцы заснаваны Указам Прэзідэнта ад 24 лiпеня 2014 г. № 373 «Аб установе гербаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак Віцебскай і Гродзенскай абласцей» (Адэльск, Жыровічы, Любча, Бабінавічы).

Герб: Барочны шчыт, у блакітным полі якога – дзве мужчынскія постаці: правая ў белым адзенні, стаіць на каленях, левая ў чорным адзенні з німбам над галавой, трымае ў працягнутых руках кнігу. У ніжняй частцы герба залаты меч.

Аграгарадок Жыровіцы вядомы з 2-ой паловы XV ст. як вялікакняжацкае ўладанне. Вялікі князь літоўскі Казімір Ягелончык падараваў Жыровіцы падскарбію літоўскаму Аляксандру Солтану, які ў 1470 годзе заснаваў тут Жыровіцкі праваслаўны манастыр. Паводле паданняў на месцы будучага манастыра быў цудоўным чынам яўлены абраз Прасвятой Маці Божай. Спачатку быў пабудаваны драўляны храм, затым утварыўся парафія і пазней –манастыр. У пісьмовых дакументах Жыровіцкі манастыр ўпершыню згадваецца ў 1587 г.

А ў 1613 г. манастыр перайшоў базыльянаў (манахаў грэка-каталіцкага абраду). Першым ігуменам ва ўніяцкі перыяд быў Іасафат Кунцэвіч. У XVII ст. тут адбываліся кангрэгацыі базыльянаў. З 1636 г. набажэнствы праходзілі на лацінскай і грэчаскай мовах. У 1610 г. мястэчка Жыровіцы перайшло да канцлера ВКЛ Льва Сапегі, пазней да кашталяна смаленскага Івана Мялешкі. У 1621 г. Мялешка перадаў сваю частку маёнтка манастыру. У XVII ст. в. Жыровіцы была буйным гандлёвым цэнтрам. У 1642 г. мястэчка Слонімскага павета Новагародскага ваяводства. У 1644 г. Жыровіцы атрымалі статус горада, ў 1652 г. гораду было нададзена магдэбургскае права і герб. Такім чынам, населены пункт Жыровіцы на працягу некалькіх стагоддзяў быў цесна звязаны з манастыром і яго святыняй – Жыровіцкім абразом Маці Божай.

У гербе знайшоў адлюстраванне зборны вобраз братоў і ігуменаў Жыровіцкага манастыра, а таксама людзей, якіх блаславіў абраз Маці Божай. На пячатцы, найбольш ранняя з якіх выяўлена ў дакуменце 1761 г., які захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, можна разглядзець постаці двух людзей, адна з якіх стаіць, другая – ўкленчаная. У цяперашні час дэталі герба удакладнены і канкрэтызаваны. У ніжняй частцы герба размешчаны залаты меч, абрысы якога праглядаюцца на пячатках.

У 1726 г. пастановай папскага капітула было вырашана «ўскласці на галаву Боганемаўляці Ісуса і Багародзіцы Дзевы ў г. Жыровіцы ў царкве айцоў ордэна Святога Васіля Кіеўскай дыяцэзіі залатыя кароны», гэта значыць здзейсніць каталіцкі абрад каранавання абраза Маці Божай. Каранацыя была здзейснена 8 верасня 1730 г. Умоўны вобраз гэтага абраза размешчаны на гербе ў руках ўкленчанай постаці.