Навабеліцкі раён г. Гомеля

G19 NavabelitskiregioneG
G19 NavabelitskiregioneF

Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 28 студзеня 2002 г. № 81.

Герб: У блакітным полі французскага шчыта залатая рысь, якая ляжыць.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, якое мае справа выраз у форме «ластаўчын хвост», у цэнтры правага боку якога гербавая эмблема – рысь жоўтага колеру, якая ляжыць.

Адзін з нямногіх гістарычных гербаў Гомельскай вобласці. Быў «найвысока нададзены» Кацярынай II 16 жніўня 1781 г. Беліцы, якая стала па Указу імператрыцы ад 22 сакавіка 1777 г. павятовым цэнтрам. З гэтага моманту населены пункт стаў называцца Новай Беліцай.

Герб распрацоўваўся ў Дэпартаменце Герольдыі ў Санкт-Пецярбургу. З 1779 г. пасаду геральдмайстара займай сапраўдны стацкі саветнік А.А. Волкаў. Сярод іншых ён распрацаваў і герб Беліцы. Пры выбары гербавых сюжэтаў з выявай жывёл іх стваральнікі кіраваліся адным з прынцыпаў складання гербаў, а менавіта геаграфічным, згодна з якім на гербе размяшчаецца той прадстаўнік флоры або фауны, які шырока распаўсюджаны ў гэтым рэгіёне.

У кнізе П.П. фон Вінклера «Гербы гарадоў, губерняў, абласцей і пасадаў, занесеныя ў поўны Збор законаў Расійскай імперыі» (1900 г.) прыводзіцца апісанне гэтага герба, але ў ёй ён праходзіць як герб Гомеля, які ў 1852 г. стаў цэнтрам павета. Беліцкі гарадскі сімвал аўтаматычна перайшоў да Гомеля. Па правілах складання гербаў таго часу, ён быў падзелены на дзве часткі: у верхняй змяшчаўся магілёўскі герб – у залатым шчыце дзяржаўны арол, які ўзнікае; у ніжняй, на блакітным полі – рысь, якая ляжыць. Шчыт быў увянчаны гарадской каронай каменнага колеру.

Пры аднаўленні гістарычных гербаў Гомельскай вобласці, Навабеліцкі выканкам Гомеля палічыў магчымым зацвердзіць з нязначнымі зменамі такі ж герб, як і ў абласнога цэнтра.

Рашэнне аб зацвярджэнні герба і флага Навабеліцкага раёна г. Гомеля было прынята Адміністрацыяй Навабеліцкага раёна Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта 13 лютага 2001 г.