г.п. Уваравічы

Буда-Кашалёўскі раён

G30 UvarovichiG
G30 UvarovichiF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 кастрычніка 2005 г. № 490 і зарэгістраваны ў дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 1 лiстапада 2005 г. № Б-49 і № Б-50.

Герб: У чырвоным полі іспанскага шчыта на падножжы чорнага колеру залатая ўязная брама з бярвення.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога – выява герба гарадскога пасёлка Уваравічы Буда-Кашалёўскага раёна.

У пісьмовых крыніцах Уваравічы ўпершыню згадваюцца пад 1483 г. пры апісанні межаў Вялікага Княства Літоўскага. Аднак яны маюць больш глыбокія гістарычныя карані: першае паселішча, гарадзішча і курганны магільнік, якія з’явіліся на гэтым месцы навукоўцы датуюць VII ст. да н.э.  – I ст. н.э. і адносяць іх да мілаградскай і зарубінецкай культур. Гарадзішча выявіў і абследаваў ў 1893 г. Е.Р. Раманаў, у 1976 г. абследаваў Я.Г. Звяруга, у 1988–1990 гг. – А.І. Драбушэўскі. Гарадзішча ўяўляла сабой вялікі насыпны, спецыяльна ўмацаваны вал. З трох бакоў гарадзішча было абнесена ровам. Археолагі мяркуюць, што Уваравіцкае гарадзішча мела спецыяльна абсталяваны і ўмацаваны ўваход. Яшчэ ў 1873 годзе была адзначана наяўнасць «уезду» ў выглядзе разрыву ў земляным вале, а таксама пляцоўкі перад ім.

Зыходзячы з гэтага ў якасці гербавай эмблемы прапанавана стылізаваная выява залатой ўязной бярвеністай брамы. Праца над іх канфігурацыяй, формай і размяшчэннем запатрабавала пэўных намаганняў, паколькі першапачатковыя праекты не адлюстроўвалі гістарычных асаблівасцяў развіцця Уваравічаў, або не былі геральдычна бездакорнымі.

Герб, флаг і палажэнні аб іх адобраны рашэннем Уваравіцкага пасялковага Савета дэпутатаў ад 26 верасня 2002 г. № 9.

Аўтар герба М.М. Елінская, мастак В.А. Ляхор.