г.п. Камарын

Брагінскі раён

G12 KomarinG
G12 KomarinF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 кастрычніка 2005 г. № 490 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 1 лiстапада 2005 г. № Б-47 і № Б-48.

Герб: Іспанскі шчыт рассечаны «ў слуп». У правым полі чырвонага колеру залатая кірылічная літара «К», у левым – чаргуюцца сем блакітных і залатых урубаў (перавязей).

Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога – выява герба гарадскога пасёлка Камарын.

Герб гарадскога пасёлка Камарын Брагінскага раёна створаны шляхам спалучэння так званага «літарнага» герба з касымі шырокімі дыяганальнымі палосамі залатога і блакітнага колераў, якія чаргуюцца.

Прымяненне літар лацінскага алфавіту сустракаецца ў гістарычных гербах, напрыклад, Шчучына, дзе ў блакітным полі размешчаны дзве срэбныя літары – «I», «S». Гэта пачатковыя літары імя Ігнація Сцыпіёна, аднаго з уладальнікаў Шчучына, пры якім мястэчка атрымала вольнасці. У гербе польскага Краснабруда ў чырвоным полі вялікая літара «К» азначае назву горада. У гербе Камарына літара «К» мае выразнае кірылічнае напісанне, падобнае на загалоўную літару «К» з «Бібліі» Францыска Скарыны, чым падкрэсліваецца спрадвечна ўсходнеславянская, беларуская прыналежнасць Камарына.

Перавязі або ўрубы розных колераў адносяцца да першарадных геральдычных фігур. Іх можна сустрэць як на гістарычных гербах (Нясвіж), так і на зноў створаных (Салігорск). У гербе Камарына яны ўвасабляюць прыродныя багацці ваколіцаў: блакітны – багацце вадаёмаў, золата – багацце палёў.

Герб і флаг былі прыняты рашэннямі Камарынскі пасялковага выканаўчага камiтэта ад 1 лiстапада 2000 г. № 12/07 і пасялковага Савета дэпутатаў ад 9 лютага 2001 г. № 9-7.

Аўтар праекта герба Р.С. Жаўняркевіч, мастак А.У. Леўчык.