г.п. Брагін
і Брагінскі раён

G02 BraginG
G02 BraginF

Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 10 красавiка 2001 г. № 55.

Герб: Іспанскі шчыт рассякае ўвагнутае вастрыё, накіраванае дагары: у левай частцы ў срэбным полі трызубец чырвонага колеру, сімвал полацкага князя Ізяслава, у правай – у чырвоным полі герб «Калюмны» срэбнага колеру, у ніжняй – у блакітным полі герб «Карыбут».

Флаг: Прямавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з трох роўнавялікіх вертыкальных палос: дрэўкавай частцы – блакітнага, сярэдняй белага і вольнай – чырвонага колераў. У цэнтры сярэдняй часткі палотнішча – выява герба гарадскога пасёлка Брагін і Брагінскага раёна.

Герб па сваёй канструкцыі з’яўляецца складаным і складаецца з трох самастойных сімвалаў. Ён уключае тры княжацкіх сімвала, кожны з якіх адлюстроўвае шматгадовыя перыяды ў гісторыі населенага пункта. Асноўныя элементы герба падзяляе «другарадная» геральдычная фігура «вастрыё», у яго «ўвагнутай» разнавіднасці з падножжам у ніжняй частцы гербавага поля. Гэты арыгінальны геральдычны прыём пабудовы складаных гербаў ўжываецца даволі рэдка, і ў беларускай гарадской геральдыцы прысутнічае толькі ў гістарычным гербе Ашмянаў 1792 г.

У правай срэбнай частцы поля герба размешчаны радавы знак князя Ізяслава, які паклаў пачатак адраджэнню полацкай княжацкай дынастыі Рагвалодавічаў. Князь заснаваў адно з першых епіскапстваў, таму не выпадкова, што элементам, які вянчае герб, з’яўляецца крыж. Гэты сімвал адлюстроўвае самы ранні перыяд гісторыі Брагіна (XII–XIII стст.) І паказвае на Полацкае княства – адзін з цэнтраў фарміравання беларускай сярэднявечнай дзяржаўнасці. Разам з тым княжацкі знак, названы «Трызубцам», асацыюецца з перыядам валодання Брагінам князямі кіеўскімі і ўяўляе сабой варыянт радавой сімволікі ўсёй дынастыі Рурыкавічаў. У сучасным гербе Брагіна «Трызубец» па канфігурацыі найбольш набліжаны да знойдзенай у Ноўгарадзе пячаткі князя Ізяслава Уладзіміравіча. Разнавіднасцю яго знака з’яўляецца «Трызубец» у гербе Заслаўля.

У левай частцы герба ў чырвоным полі размешчаны герб «Калюмны». Дадзены сімвал на гербе Брагіна закліканы адлюстроўваць перыяд уваходжання горада ў склад Вялікага Княства Літоўскага. У ніжняй частцы герба размешчаны прыватнаўласніцкі герб «Карыбут» – радавы знак магнацкага рода Вішнявецкіх, якія валодалі Брагінам з канца XVI да другой паловы XVII стагоддзя.

На аснове герба распрацаваны і флаг горада Брагіна. Палотнішча падзелена вертыкальнымі палосамі – блакітнага, срэбнага і чырвонага колераў. У цэнтральнай частцы флага – выява герба Брагіна.

Рашэнне аб зацвярджэнні герба і флага прынята Брагінскім раённым Саветам дэпутатаў ад 20 сакавiка 2001 г. № 41 і Брагінскім раённым выканаўчым камітэтам 30 сакавiка 2001 г. № 3/110.

Аўтар і мастак герба і флага Р.С. Жаўнеркевіч.