г. Хойнікі
і Хойніцкі раён

G31 KhoinikiG
G31 KhoinikiF

Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 14 жнiўня 2001 г. № 65.

Герб: Іспанскі шчыт полымяпадобна скошаны справа на зелёнае і срэбра, у зялёным полі – залаты замак.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, пасярэдзіне падзелена полымяпадобна на дзве часткі – зялёную і белую. У зялёнай – замак жоўтага колеру.

Хойнікі вядомы з 1512 г. як вёска Брагінскага графства, якая належала княжацкаму роду Вішнявецкіх. У першай палове XVII ст. князі Вішнявецкія пабудавалі тут замак, які, на жаль, не захаваўся. Аднак урочышча «Замак» у Хойніках вядома і цяпер.

У назве горада адлюстравана адна з прыродных асаблівасцяў рэгіёна –багацце хвойных лясоў. Багацце прыроды ляснога Палескага краю дазволіла зрабіць новы афіцыйны геральдычны сімвал Хойнікаў «гаворачым». Каб пазбегнуць літаральнасці, якая супярэчыць традыцыям класічнай геральдыкі, гарадскі герб сканструяваны пры дапамозе чыста геральдычных фігур, а менавіта, з ужываннем так званага «полымяпадобнага» дзялення шчыта. У выніку на гербе атрымаліся люстраныя профілі хвойнага дрэва, срэбны і зялёны. У зялёнай частцы поля намаляваны замак залатога колеру як напамін аб далёкім мінулым горада.

Герб і флаг, створаны з дапамогай асноўных колераў і фігур герба, былі прыняты рашэннем прэзідыума Хойніцкага раённага Савета дэпутатаў ад 17 красавiка 2001 г. № 18 і раённым Саветам дэпутатаў 28 чэрвеня 2001 № 80.

Аўтар герба і мастак М.М. Елінская.