г. Жыткавічы
і Жыткавіцкі раён

G09 ZhitkovichiG
G09 ZhitkovichiF

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 20 ліпеня 2000 г. № 19. 

Флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 верасня 2011 г. № 433 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 30 верасня 2011 г. № Б-204.

Герб: У чырвоным полі іспанскага шчыта срэбны хвалісты пояс, над якім срэбная раздвоеная ўнізе страла, перасечаная крыжам.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча чырвонага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога – выява герба горада Жыткавічы і Жыткавіцкага раёна.  

Жыткавічы знаходзяцца ў цэнтры беларускага Палесся. Паводле дакументаў «Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага», маёнтак Жыткавічы належыў роду Кучуковічаў, заснавальнікам якога быў баярын вялікага князя Ягайлы пан Кучук. У 1500 г. пан Войцех Кучуковіч судзіўся з князем Сямёнам Слуцкім за «отчинное и дединое имение Житковичи». Кучуковічы мелі герб «Сястрынец» – у чырвоным полі срэбная расшчэпленая страла перасечаная па сярэдзіне крыжам. Менавіта гэты прыватнаўласніцкіх герб быў пакладзены ў аснову сучаснага афіцыйнага сімвала горада.

Срэбны хвалісты пояс, які праходзіць праз цэнтр герба ўвасабляе раку Жытоўку, на якой стаіць горад. Вада ў геральдыцы перадаецца белым колерам. Чырвоны і белы – колеры герба першых уладальнікаў Жыткавічаў Кучуковічаў. Гэты герб адрозніваецца лаканізмам, што ў цэлым характэрна для гарадской геральдыкі Гомельшчыны.

Жыхары Жыткавічаў актыўна ўдзельнічалі ў распрацоўцы свайго герба: у Камітэт па архівах і справаводству была даслана вялікая колькасць розных па сваім змесце праектаў, якія адлюстроўваюць шчырую зацікаўленасць і любоў людзей да роднага краю. Сярод іх сустракаліся праекты з выявай розных дрэў, жывёл, беларускага арнамента і г.д.

Рашэнне аб зацвярджэнні герба горада Жыткавічы было прынята Жыткавіцкім раённым выканаўчым камітэтам ад 3 красавіка 2000 г. № 251, аб сцягу горада Жыткавічы і Жыткавіцкага раёна – 9 жніўня 2010 г. № 1003.

Аўтар герба А.А. Шпунт, аўтар флага і мастак – В.А. Ляхор.