г. Ельск
і Ельскі раён

G08 YelskG
G08 YelskF

Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 26 студзеня 2001 г. № 48.

Герб: У чырвоным полі іспанскага шчыта два срэбныя мячы рукаяццямі ўніз, пакладзеныя Андрэеўскім крыжам.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча чырвонага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога гербавая эмблема – два мячы белага колеру рукаяццямі ўніз, пакладзеныя Андрэеўскім крыжам.

Па пісьмовых крыніцах Ельск вядомы ў Мазырскім павеце з XVI ст. Належыў прадстаўнікам роду Спада, пазней Казіміру Аскеркі, Ельскім. Апошнія карысталіся гербам «Пелеш» – у гербавым полі два перакрыжаваныя мячы, пакладзеныя Андрэеўскім крыжам. Ёсць варыянты герба, у якіх паміж вастрыямі мячоў размяшчаецца шасціпрамянёвая зорка. Паводле «Польскага слоўніка географічнага» гэты герб мае заходнееўрапейскае паходжанне. У XVI ст. з Францыі ў Вялікае Княства Літоўскае прыехаў прадстаўнік дваранскага роду Спада, продак Ельскіх, які карыстаўся гэтым гербавым знакам.

У кнізе «Руская геральдыка» А.Б. Лакіер піша пра яго: «Счастливо оконченный поединок на войне, дал право победителю на такое знамя. Эта эмблема встречается очень часто в наших гербах во свидетельство мужества тех, кому она усвоена».

Такі прыём – выкарыстанне прыватнаўласніцкіх гербаў або іх асноўных элементаў – ужываецца досыць шырока ў сучаснай гарадской геральдыцы Беларусі. Пацвярджэннем гэтаму з’яўляюцца гербы такіх гарадоў Гомельскай вобласці, як Ветка, дзе асноўны гербавай фігурай з’яўляецца літара «W» – «Абданк», Жыткавічы – герб «Сястрынец», Азарычы – «Дрыя», Нароўля – герб «Побуг».

Герб і флаг зацверджаны рашэннямі Ельскага раённага выканаўчага камітэта ад 22 лістапада 2000 г. № 472 і Ельскага раённага Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2000 г. № 29.

Аўтар герба і флага А.А. Шпунт.