г. Васілевічы

Рэчыцкі раён

G04 VasilevichiG
G04 VasilevichiF

Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 28 снежня 2001 г. № 77.

Герб: У блакітным полі іспанскага шчыта срэбны контур хвойнага дрэва.

Флаг: Блакітнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога контур хвойнага дрэва белага колеру.

Сучасную гарадскую геральдыку Беларусі часта адрозніваюць лаканічнасць і прастата. Гербавыя выявы ў такіх выпадках не перагружаны і нярэдка абмяжоўваюцца адной асноўнай гербавай фігурай, але ёмістай і выразнай, якая адлюстроўвае найбольш характэрныя асаблівасці мясцовасці.

Удзельнікі стварэння герба з Васілевіцкага гарвыканкама паклалі ў аснову афіцыйнага геральдычнага сімвала свайго горада стылізаваны контур хвоі, чым вылучылі галоўны аб’ект на які ў гэтым рэгіёне накіравана дзейнасць людзей.

Тэрыторыя сучаснага горада Васілевічы была заселена яшчэ ў бронзавым веку, пра што сведчыць гарадзішча таго часу. Тут жыхары заўсёды займаліся земляробствам і лясным промыслам. Ужо ў сярэдзіне XIX ст., пасля рэформы 1861 г., эканамічнаму развіццю Васілевіч спрыяла Заходняя экспедыцыя па асушэнню балот Палесся 1873–1898 гг., а ў 1878 годзе тут заснавана метэастанцыя для вывучэння кліматычных умоў гэтага краю. Пасля будаўніцтва чыгуначнай лініі Лунінец – Гомель, Васілевічы сталі чыгуначнай станцыяй, адкуль у асноўным вывозілі дровы і лесабудаўнічыя матэрыялы. З 1924 году працаваў лясны тэхнікум, які рыхтаваў кадры для мясцовага леспрамгаса.

У цяперашні час сярод прамысловых прадпрыемстваў у рэгіёне вылучаецца лесаўчастак Мазырскага лесанарыхтоўчага аб’яднання.

Такім чынам, выява хвойнага дрэва, высакароднага срэбнага колеру ў блакітным полі шчыта, які характарызуе таксама багацце вадаёмаў, арганічна адлюстроўвае гісторыю асноўнай дзейнасці мясцовых жыхароў.

Герб і флаг зацверджаны рашэннем Васілевіцкая гарадскога выканаўчага камітэта 27 верасня 2001 г. № 82.