в. Пераброддзе

Мёрскі раён

V30 PerebrodyeG
V30 PerebrodyeF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2009 № 277 і зарэгістраваныя ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 4 чэрвеня 2009 г. № Б-163 і № Б-164.

Герб: У блакітным полі барочнага шчыта на зялёным падножжы – залатая харугва са срэбнымі галунамі. У цэнтры харугвы размешчана чырвоная манаграма з літар «S», «A» і «R».

Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку – аздобленая белай аблямоўкай выява герба вёскі Пераброддзе Мёрскага раёна. У ніжняй частцы палотнішча размешчаны дзве хвалістыя белыя паласы.

З дакументаў вядома, што ў XVI ст. Пераброддзе ўваходзіла ў склад Браслаўскага павета Віленскага ваяводства. Вялікі князь літоўскі, кароль польскі Жыгімонт II Аўгуст 25 лютага 1571 г. надаў Пераброддзю права на самакіраванне, якое было пацверджана прывілеем Станіслава Аўгуста Панятоўскага ад 3 чэрвеня 1792 г. разам з наданнем мястэчку герба. У гэты час Пераброддзе (цэнтр воласці) знаходзілася ў валоданні Ю. Касакоўскага.

Герб Пераброддзя – гэта яшчэ адзін гістарычны герб канца XVIII ст., які ў пачатку XXI ст. быў заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у якасці афіцыйнага геральдычнага тэрытарыяльнага знака. У адрозненне ад больш ранніх гербаў іншых гарадоў, многія з якіх вядомы толькі па пячатках XVI–XVII стст., у прывілеях апошняга караля Рэчы Паспалітай маюцца каляровыя выявы гербоў. Менавіта такі дакумент паслужыў асновай для ўзнаўлення гістарычнага герба вёскі.

На прывілеі ў гербе намаляваная харугва з каралеўскай манаграмай Станіслава Аўгуста Панятоўскага «SAR» (Stanislaw August Rex). Цэнтральная фігура герба – харугва, якая размешчана ў блакітным полі на зялёным ўзвышшы. Яна мае хутчэй жывапісныя абрысы, чым геральдычныя, што характэрна для мастакоў-геральдыстаў канца XVIII ст. На ўзноўленым жа гербе харугва размешчана на падножжы зялёнага колеру. У адрозненне ад іншых гербаў колер харугвы не залаты, а больш насычаны – бронзавы, яна таксама мае срэбныя галуны. Флаг Пераброддзя заснаваны шляхам трансфармацыі герба, які размешчаны ў цэнтры блакітнага палотнішча. У ніжняй частцы палотнішча – дзве хвалепадобныя паласы. Гэта некалькі ўскладняе ўспрыманне канструкцыі флага, але не супярэчыць правілам вексілалогіі.

Герб і флаг в. Пераброддзе Мёрскага раёна былі прыняты рашэннем Перабродскага сельскага выканаўчага камітэта ад 24 снежня 2008 г. № 14/19.

Аўтар рэканструкцыі гістарычнага герба М.М. Елінская, мастак В.А. Ляхор.