г.п.Ула

Бешанковіцкі раён

V38 UllaG

Герб заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 60 ад 9 лютага 2004 г. і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 3 сакавiка 2004 г. № Б-12.

Герб: У чырвоным полі барочнага шчыта срэбны замак-крэпасць з трыма вежамі. У цэнтральнай вежы знаходзіцца залатая ўязная брама.

Герб Улы – адзін з першых тэрытарыяльных гербаў у Беларусі, ён быў нададзены ў 1577 г. У пачатку Інфлянцкай вайны, каля 1566 г., па загаду Івана IV Грознага на паўвостраве пры ўпадзенні ракі Улы ў Заходнюю Дзвіну, на месцы цяперашняга пасёлка, была пабудавана крэпасць-замак, цалкам знішчаная ў перыяд вайны 1654–1667 гг. Яна і стала асноўным элементам герба.

Выявы замкаў, крэпасцяў, абарончых збудаванняў на гербах гарадоў – даволі распаўсюджаная з’ява ў еўрапейскай геральдыцы. Прыкладамі могуць служыць гербы XVI ст. такіх гарадоў як Высокае, Камянец, Сураж.

Замак-крэпасць, як заходнееўрапейскі феномен, быў шырока распаўсюджаны ў геральдыцы Польшчы, Чэхіі, Германіі і іншых краін. Звычайна гэта былі спрошчаныя выявы – толькі крапасныя сцены або цэнтральныя вежы. Брамы размяшчаліся на гербах або адчыненыні, або зачыненымі і дапаўняліся кратамі або вартавымі ў выглядзе львоў, грыфонаў, рыцараў і г.д. Зачыненая брама на гербе Улы, па ўсёй бачнасці, павінна былі падкрэсліць непрыступнасць ўмацаванага збудавання, перашкоду для ворага.

Герб г.п. Ула адобраны рашэннем Бешанковіцкага раённага выканаўчага камітэта ад 29 лістапада 2002 г. № 697.