г.п.Расоны

Расонскі раён

V34 RossonyG
V34 RossonyF

Герб заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2006 года № 36 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 6 лютага 2006 года № Б-76. 

Флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2009 г. № 277 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 4 чэрвеня 2009 г. № Б-171.

Герб: У зялёным полі іспанскага шчыта срэбны хвалісты пояс і звернуты направа залаты лось, размешчаны над гэтым поясам.

Флаг: Прастакутнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з дзвюх роўнавялікіх гарызантальных палос: верхняй жоўтай і ніжняй зялёнай. У цэнтры правага боку палотнішча – выява герба гарадскога пасёлка Расоны.

Выявы розных жывёл з’яўляюцца, бадай, аднымі з найбольш распаўсюджаных у геральдыцы. Гэта так званыя натуральныя негеральдычныя фігуры. Пры гэтым на гербах можна ўбачыць як поўныя выявы жывёл, так і асобных іх частак, напрыклад, рагоў, капытоў, галоў і г.д.

Птушкі, рыбы і жывёлы ў натуральных позах досыць шырока распаўсюджаны як у беларускай тэрытарыяльнай геральдыцы, так і ў міжнароднай. Прыкладам могуць служыць гістарычныя гербы Бельска 1501 г. (Польшча) з выявай зубра ў срэбным полі, Растова 1778 г. (Расія, Яраслаўская вобласць) з аленем у чырвоным полі, в. Гарадная (1792 г.) (Столінскі раён) з ласём натуральнага колеру ў срэбным полі.

У адрозненне ад названых, у знаках іншых гарадоў часта сустракаюцца жывёлы, перададзеныя з геральдычнымі асаблівасцямі. Прадстаўнікі фаўны на такіх гербах выцягнутыя, узнятыя на дыбкі, стаяць на дзвюх лапах, маюць мудрагелістыя формы і разнастайныя атрыбуты. На гродзенскім гербе алень Св. Губерта, які пераскоквае праз срэбную агароджу, мае залаты крыж паміж рагамі, смаргонскі мядзведзь, які танчыць, трымае ў лапах радавы герб Радзівілаў, а галаву мірскага арла вянчае карона.

На гербе гарадскога пасёлка Расоны размешчана фігура звернутага направа залатога лася які стаіць – найбуйнейшага прадстаўніка жывёльнага свету рэгіёна. Чыста геральдычны элемент тут не парушае натуральнай паставы галоўнай фігуры жывёлы. Наадварот, срэбрны хвалісты пояс у ніжняй частцы надае закончанасць створанаму ў нашы дні афіцыйнаму геральдычнаму знаку. Яго прысутнасць на полі шчыта цалкам апраўдана, бо значную плошчу раёна складаюць рэкі і азёры, а 72% яго тэрыторыі пакрыта лесам, што перададзена зялёнай эмаллю.

Герб і палажэнне аб iм адобраны Расонскім раённым Саветам дэпутатаў ад 20 снежня 2002 г. № 107. Флаг зацверджаны рашэннем Расонскага раённага Савета дэпутатаў ад 14 мая 2008 г. № 73.

Мастак А.У. Леўчык.