г.п.Ветрына

Полацкі раён

V10 VetrinoG

Герб заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 лютага 2004 года № 60 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 3 сакавiка 2004 г. № Б-10.

Герб: У блакітным полі іспанскага шчыта залаты вятрак.

У сярэдзіне XVI ст. вёска Ветрына была мястэчкам ў складзе Полацкага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. З 1793 г.  – у складзе Расіі, мястэчка, цэнтр воласці Лепельскага павета. Нягледзячы на шматвяковую гісторыю пасёлка, яркіх падзей, якія паслужылі б адпраўной кропкай пры стварэнні яго герба, не знайшлося. Тым не менш, прыродныя багацці, вялікая колькасць вадаёмаў і заняткі жыхароў далі магчымасць, лаканічна выкарыстоўваючы геральдычныя прыёмы, скласці герб па ўсіх правілах геральдыкі і напоўніць яго пэўным зместам.

Усю прастору поля шчыта запаўняе галоўны элемент герба – вятрак, які сімвалізуе чыстае паветра, вецер, парыў. Менавіта таму ў геральдыцы такі герб называецца «гаворачым»: у яго выяве абыграна назва населенага пункта. Залаты колер вятрака – сімвал багацця і дастатку.

У сімволіцы вятрак звязваюць не толькі з паняццем хлеба, як сімвала неабходнага для чалавека прадукта, але і ўсіх важных каштоўнасцяў, якія сілкуюць жыццё людзей. Блакітнае поле шчыта на гербе гарадскога пасёлка паўтарае колер на гербе раённага цэнтра г. Полацка.

Варта адзначыць, што выкарыстанне на гербе адной фігуры хоць і з’яўляецца характэрным для Заходняй Еўропы, але рэдка сустракаецца ў беларускай тэрытарыяльнай геральдыцы. У дадзеным выпадку гэта можна патлумачыць шматзначнасцю выкарыстанага на гербе знака.

Праект герба адобраны рашэннем Ветрынскай пасялковага Савета дэпутатаў ад 20 чэрвеня 2002 г. № 13-3.

Мастак А.У. Леўчык