г.Наваполацк

Горад абласнога падпарадкавання

V26 NovopolotskG
V26 NovopolotskF

Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 4 лiпеня 2002 г. № 89.

Герб: У блакітным полі іспанскага шчыта – тры срэбныя хвалістыя паясы, над якімі срэбны гарлачык з дзвюма залатымі разгорнутымі стылізаванымі пялёсткамі.

Флаг: Прамавугольнае блакітнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, у ніжняй траціне якога гарызантальна размешчана белая вузкая паласа, над паласой – белы гарлачык з двума белымі разгорнутымі стылізаванымі пялёсткамі.

Гісторыка-геаграфічную асаблівасць Наваполацка, які стаіць беразе Заходняй Дзвіны – часткі старажытнага шляху «з варагаў у грэкі» – адлюстроўваюць тры хвалістыя перавязі, кожная з якіх уяўляе сабой першарадную геральдычную фігуру. Белым ці срэбным колерам перавязі ў геральдыцы перадаецца водная стыхія – рэкі, азёры і г.д.

Цэнтральным элементам герба г. Наваполацка з’яўляецца гарлачык.

Гарлачык белы – гэта ўвасабленне старажытнай легенды Полацкай зямлі аб Белым горадзе, да якога са старажытнага Полацка вядзе падземны ход пад ракой. У славян белы белы гарлачык называлі адалень-травой і выкарыстоўвалі ў якасці абярэга, надзялялі яго ахоўнай сілай і прыпісвалі ёй таямнічыя ўласцівасці. Лічылася, што той, хто знойдзе адалень-траву, атрымае розныя здольнасці.  

Гарлачык белы валодае асаблівай прыроднай жыццеўстойлівасцю: нават калі перасыхаюць вадаёмы і лісце яго адмірае, праз некаторы час карэнішчы ізноў прарастаюць.

З’яўляючыся прыродным аб’ектам, гарлачык белы адлюстроўвае агульначалавечыя памкненні да прыгажосці і аднаўлення, да справядлівасці і гонару, да міру і дабрабыту. Гэта падкрэсліваюць і выкарыстаныя на гербе колеры – блакітны, срэбны і залаты. Такое спалучэнне кветак на гербе агульнапрынята ў міжнароднай геральдыцы і мае каляровае адзінства з тынктурамі (спалучэнне эмаляў і металаў) Віцебска і Полацка.

Для флага Наваполацка выкарыстаны колеру і фігуры герба.

Герб і флаг адобраны рашэннямі Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 27 чэрвеня 2002 г. № 74 і гарадскога выканаўчага камітэта 27 чэрвеня 2002 г. № 675.

Аўтар герба і флага В.Р. Лук’яненка.