г.Дуброўна

Дубровенскі раён

V19 DubrovnoG
V19 DubrovnoF

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 10 студзеня 1997 г. № 11. 

Флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 лютага 2011 г. № 86 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 15 сакавіка 2011 г. № Б-193.

Герб: У блакітным сценчатым полі з чорнымі швамі варажскага шчыта срэбная закругленая ўверсе брама з зачыненымі блакітнымі дзвярыма, увянчаная залатой дубовай галінкай з жалудом і двума лістамі. Ля падножжа брамы такія ж залатыя дубовыя галінкі.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча белага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, унізе якога праходзяць тры гарызантальныя роўнавялікія паласы блакітнага, белага і блакітнага колеру, кожная з якіх складае адну дзясятую шырыні флага. У цэнтры правага боку палотнішча над палосамі – выява герба горада Дуброўна.

Асноўная ідэя, закладзеная ў гербе, сімвалізуе геаграфічнае стновішча горада Дуброўна на ўсходняй мяжы Беларусі. Здаўна тут праходзілі гандлёвыя і ваенна-стратэгічныя шляхі на Маскву. Дзякуючы свайму месцазнаходжанню Дуброўна з даўніх часоў служыла галоўнымі «ўсходняй брамай» Беларусі.

Акрамя алегарычнай выявы надзейнай абароны ў выглядзе зачыненай брамы, у гербе знайшла сваё адлюстраванне і назва горада, якая звязана са словам «дуброва». Гэтую ідэю перадаюць тры дубовыя залатыя галінкі з жалудамі і двума лістамі на кожнай. Падобнае кампазіцыйнае размяшчэнне галінак, адной – зверху, двух іншых – па баках ад падножжа брамы, пераклікаецца са старажытным шляхецкім гербам «Дамброва». Прыватнаўласніцкі герб уяўляе сабой выяву падковы з крыжамі уверсе і па баках. У саміх назвах герба і горада таксама ёсць нейкае падабенства.

Выкарыстанныя на гербе колеры (блакітны, залаты і срэбны) адпавядаюць колерам герба «Ляліва», якім карыстаўся шляхецкі род Глябовічаў –уладальнікаў маёнтка Дуброўна ў XVI–XVII стст. Гэта нагадвае пра тое, што менавіта Глябовічы заснавалі тут замак і мястэчка, якое паклала пачатак сучаснаму гораду.

Герб г. Дуброўна i палажэнне аб iм зацверджаны рашэннем Раённага Савета дэпутатаў ад 1 лістапада 1996 г. № 6-5. Флаг адобраны рашэннем Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта ад 5 мая 2010 г. № 367.

Аўтар герба В.Л. Насевіч, мастак А.У. Леўчык. Аўтар флага М.М. Елінская, мастак В.А. Ляхор.